13 декабря 2021 г. Аматарам кавы і падарожжаў. Гісторыя чацвертая. Кава па-мальтыйску разам з Караваджа і Жыгімонтам Каралем Радзівілам Сёння падчас віртуальнага падарожжа ў часе і прасторы мы зазірнем на Мальту, дзе гатуюць каву па-мальтыйску, наведаем беларускія Сталовічы і даведаемся, якая сувязь існуе паміж знакамітым мастаком Караваджа і Жыгімонтам Каралем Радзівілам, уладальнікам Сталовічаў.
У кожнага аматара кавы ёсць свой любімы напой. Нехта любіць эспрэса, камусьці падабаецца латэ, іншыя і дня не могуць вытрымаць без капучына. Значна радзей у кавярнях прапануюць каву па-ірландску, а каб пакаштаваць каву па-мальтыйску, ўвогуле трэба паехаць на Мальту. Гатуецца яна па адмысловаму рэцэпту — з кактусавым лікерам “Байтра” і вяршкамі.
Гісторыя “Байтры” пачынаецца ў 16 ст., калі на Мальту з Новага Свету прывезлі апунцыю інжырную. У тыя часы ў хрысціянскім свеце лікёр, як і каву, выкарыстоўвалі хутчэй як лекавы сродак. А рыцары-мальтыйцы, як мы добра ведаем, праславіліся не толькі апекай над паломнікамі, якія накіроўваліся на Святую Зямлю, але і шматлікімі шпіталямі, у якіх аказвалі медыцынскую дапамогу хворым. Менавіта з гэтым звязана яшчэ адна назва рыцараў — гаспітальеры.
Адзін з такіх шпіталёў быў заснаваны ў канцы 12 стагоддзя ў горадзе Акка. На яго месцы ў сярэдзіне 18 ст. была пабудавана турэцкая крэпасць. Апекуном ордэна з’яўляецца Святы Ян (Іаан) Хрысціцель. Адсюль — яшчэ адна назва рыцараў-мальтыйцаў — іааніты.
Цікава, ці падабалася кава з кактусавым лікёрам аднаму з самых вядомых рыцараў-мальтыйцаў — знакамітаму Караваджа? Шчыра кажучы, наўрад ці ён яе ўвогуле спрабаваў. На здароўе мастак не скардзіўся, калі быў на Мальце, а ў лакандах (італьянскіх тракцірах для простага люду), куды ён часта заходзіў, гандлявалі віном…
На пачатку 17 ст. Караваджа стаў самым знакамітым мастаком у Італіі. Ён стварыў шэраг шэдэўраў, у тым ліку і знакамітую “Мадону дзі Ларэта”, напісаную для капліцы Кавалеці касцёла Сант-Агасціна ў Рыме.
Але следам за ім ішла нядобрая слава парушальніка закона: нашэнне халоднай зброі без дазволу, скандалы ў тракцірах і, нарэшцэ, забойства чалавека ў Рыме і смяротны прысуд. Каб пазбегнуць кары, мастак вымушаны быў бегчы з Рыма. 12 ліпеня 1607 г. Караваджа ступіў на бераг Мальты, дзе ў хуткім часе быў прыняты Вялікім Магістрам Алофам дэ Вільянкурам. Магістр, які быў вялікім аматарам мастацтва, прапанаваў Караваджа заняцца аздабленнем касцёла святога Яна Хрысціцеля ў сталічнай Валеце, а яшчэ заказаў свой партрэт. Дзве карціны мастака — “Святы Еранім, які піша” (“San Girolamo scrivente”) і “Усячэнне галавы Яна Хрысціцеля” і сёння ўпрыгожваюць храм і прывабліваюць шмат турыстаў.
Апошняя з іх — адзіная карціна, на якой Караваджа пакінуў свой аўтограф. Імя Michelagnolo Merisi (Мерызі — сапраўднае прозвішча мастака) напісана ўнізе карціны кроплямі крыві, якая выцякае з перарэзанага горла Хрысціцеля. Перад аўтографам стаіць літара F — frate — брат ордэна іаанітаў. За свае заслугі перад ордэнам Караваджа быў прысвечаны ў яго, прычым без абавязковых папярэдніх выпрабаванняў.
8 студзеня 1612 г. менавіта перад гэтай карцінай у Араторыі храма з запаленай свечкай у руках, стоячы на каленях, прыносіў зарок паслушэнства, цноты і галечы сын Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі Жыгімонт Караль. Выслухаўшы гэтыя абяцанні, Вялікі Магістр Мальтыйскага ордэна Алоф дэ Вільянкур перавязаў поясам шырокую вопратку маладога княжыча, што сімвалізавала адмову ад былой свабоды, а затым ўручыў яму аголены меч і залатыя шпоры. Меч даваўся рыцару для абароны ўсіх удоў і сірат і паражэння ворагаў хрысціянскай веры. Залатыя шпоры, якія пакрываліся пылам і брудам, калі імі карысталіся ў штодзённым жыцці, сімвалізавалі пагарду рыцара да скарбаў і карыслівасці.
Стаць рыцарам-мальтыйцам мог далёка не кожны, хто гэтага жадаў. Кандыдат павінен быў належаць да знатнага роду, а яшчэ прайсці выпрабаванне — два гады правесці ў моры, на галерах ордэна, каб даказаць сваю мужнасць і адвагу. Жыгімонт Караль, у адрозненне ад Караваджа, прайшоў такое выпрабаванне і прыняў удзел у шэрагу вайсковых экспедыцый, у тым ліку ў Паўночную Афрыку і на Карынф.
Рашэнне “падпяразацца на рыцара” Жыгімонт Караль прыняў пад уплывам мальтыйскага кавалера Марціна Судо і прыара ордэна Кастэлета, калі вучыўся ў балонскім універсітэце (1608 г.). Яны ж суправаджалі яго на Мальту ў снежні 1610 г. Але перад гэтым Жыгімонт Караль павінен быў атрымаць дазвол ад свайго бацькі на ўступленне ў Ордэн і наведаў Нясвіж. Сіротка спачатку не ўхваляў рашэнне сына, бо вельмі добра ведаў, што мусульмане не мелі літасці да мальтыйскіх рыцараў, якія траплялі ў палон. Аднак Жыгімонт Караль заставаўся непахісны ў сваім рашэнні, і бацька вымушаны быў саступіць. 9 снежня 1610 г. Сіротка напісаў ліст генералу Мальтыйскага ордэна Сцыпіёну Баргезе, у якім прасіў пратэкцыі для сына, і Жыгімонт Караль выправіўся ў дарогу. (Сцыпіён Баргезе быў пляменнікам папы Паўла Y і вялікім прыхільнікам творчасці Караваджа).
Каб забяспечыць свайму сыну высокае становішча ў ордэне, Мікалай Хрыстафор заснаваў першае на нашых землях мальтыйскае камандорства, у якое ўвашлі маёнткі Сталовічы і Пацейкі. Права прызначэння сталовіцкіх камандораў належала Радзівілам. Згодна з умовай, гэтую пасаду займаў мальтыйскі рыцар з роду Радзівілаў, а калі такі адсутнічаў, то рыцар з падданых княства, і толькі пасля — рыцар з Польскага каралеўства.
З Мальты ў Нясвіж Жыгімонт Караль вярнуўся незадоўга да смерці бацькі. Калі 28 лютага 1616 г. Сіротка адышоў у іншы свет, Жыгімонт Караль па тэстаменту атрымаў маёнтак Дзераўная з мястэчкам Хотава, а таксама Крошын і Калдычова. У Крошыне, які стаў яго рэзідэнцыяй, камандор адкрыў шпіталь для бедных, у Дзераўной пабудаваў уніяцкую царкву, а ў Сталовічах — драўляны касцёл Святой Марыі і Яна Хрысціцеля. Пробашч Сталовіцкага касцёла меў права насіць мальтыйскі крыж. Кожны панядзелак у касцёле адбывалася імша па спачыўшых магістрах і рыцарах Мальтыйскага Ордэна са спяваннем літаніі. Па аўторках маліліся за зберажэнне Вялікага Магістра і рыцараў-мальтыйцаў. На вялікія святы і штопятніцу адбываліся хросныя хады за мір і зберажэнне Мальтыйскага вострава і Ордэна ад турак. Напярэдадні свята Панны Марыі (8 верасня) служылі абедню за братоў-рыцараў, якія загінулі ў Вялікай аблозе Мальты туркамі ў 1565 г.
У 1639 г. у Сталовічах па загаду Жыгімонта Караля была пабудавана мураваная Ларэтанская капліца, куды памясцілі скульптуру і абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Ларэтанскай. Беларускі гісторык і архівіст Сяргей Рыбчонак выказаў меркаванне, што абраз Жыгімонт Караль мог набыць у Ларэта, праз які ў 1610 г. накіраваўся на сустрэчу са Сцыпіёнам Баргезе. Маці Божая лічылася апякункай мальтыйскіх рыцараў, бо менавіта на яе свята, 8 верасня 1565 г. завяршылася Вялікая аблога Мальты туркамі. Магчыма, што Баргезе ўласнаручна асвяціў гэты абраз, каб ён ахоўваў новага рыцара ў барацьбе з ворагамі хрысціянскай веры.
Жыгімонт Караль займаўся не толькі справамі Сталовіцкай камандорыі. Ён прыняў удзел у Трыццацігадовай вайне (1618-1648 гг.) на баку Габсбургаў, удзельнічаў у Хоцінскай бітве з туркамі ў 1621 г., у баях пад Смаленскам супраць маскоўскага войска (1632-1634 гг.). У 1625 г. Жыгімонт Караль Радзівіл узначаліў познаньскую камандорыю, а напрыканцы жыцця марыў стварыць у Рэчы Паспалітай асобны прыарат Мальтыйскага ордэна. На жаль, гэтым марам не суджана было здзейсніцца. У 1639 г. здароўе камандора рэзка пагоршылася, ў хуткім часе ён выправіўся ў Італію на лячэнне і на радзіму ўжо не вярнуўся.
Незадоўга да смерці ён вырашыў яшчэ раз пабываць на Мальце. 5 лістапада 1642 г., па вяртанні з Мальты, слынны рыцар памёр у горадзе Асізі і быў пахаваны ў касцёле Святога Францыска. Браты-мальтыйцы палічылі вартым ушанаваць памяць пра Жыгімонта Караля ў касцеле Яна Хрысціцеля ў Валеце. Менавіта там пахаваны каля 380 самых знакамітых рыцараў-мальтыйцаў, у тым ліку і Вялікі магістр Жан Парызо дэ Ла Валета. Пра заслугі Радзівіла перад Мальтыйскім ордэнам нагадвае помнік, устаноўлены ў гэтым храме.
Па легендзе, перад смерцю Жыгімонт Караль паспеў перадаць свой камандорскі крыж блізкаму сябру і брату па Ордэну Мікалаю Уладзіславу Юдзіцкаму. Ён і стаў наступным сталовіцкім камандорам. Затым гэтую пасаду займаў брат Мікалая — Томаш, а з 1688 г. — Казімір Міхал Пац (?-1719 г.)
Частка даходаў ад Сталовіцкай камандорыі накіроўвалася на Валету. Магчыма, гэтыя сродкі пайшлі і на аздабленне сабора Яна Хрысціцеля ў Валеце. У другой палове 17 ст. гэтым займаўся вядомы мастак Маціа Прэці. Ён быў паслядоўнікам Караваджа і рыцарам-мальтыйцам. Будаўніцтва велічнага мураванага касцёла Яна Хрысціцеля ў Сталовічах пачалося ў 1740 г. 50 000 злотых на гэта выдзяліў тагачасны ўладальнік мястэчка, рыцар Мальтыйскага ордэна, камандор познаньскі і сталовіцкі Міхал Дамброўскі. Паводле задумы архітэктара Іосіфа Фантана старажытная Ларэтанская капліца была ўключана ў новы храм у якасці прэсбітэрыя. Завяршаў будаўніцтва знакаміты стваральнік віленскага барока Ян Глаўбіц (1743–1746 гг.), па праекце якога былі створаны пышныя алтары касцёла.
Дзейнасць Мальтыйскага ордэна на нашых землях была скасавана ў 1817 г. Пасля паўстання 1863 г. храм перадалі праваслаўным і пераасвяцілі ў гонар Святога Аляксандра Неўскага. Скульптуру Маці Божай Ларэтанскай пазней перадалі ў новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Іісуса, пабудаваны ў Сталовічах ў 1907-1911 г. Арыгінальная скульптура, на жаль, не захавалася. Зараз у храме знаходзіцца яе копія.
Касцёлу ў Сталовічах пашанцавала, бо ён захаваўся, хоць і быў значана перабудаваны. А вось пра рэзідэнцыю Жыгімонта Караля ў Крошыне і шпіталь, які ён там заснаваў, амаль няма звестак. Як яны выглядалі? Дзе менавіта знаходзіліся? Каго і як лячылі ў шпіталі? На гэтыя пытанні з цягам часу, безумоўна, адкажуць прафесійныя даследчыкі. Каб пакаштаваць сапраўдную каву па-мальтыйску, трэба ехаць на Мальту. А да гісторыі слынных рыцараў можна дакрануцца і ў беларускіх Сталовічах. Чым яшчэ знакамітае гэтае мястэчка? Які помнік знаходзіцца побач з былым касцёлам? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў час экскурсіі “Па абодва бакі “беларускага экватара” https://viapol.by/assembly/1.24.htm
|
17 декабря 2020 г. Аматарам кавы і падарожжаў. Гісторыя трэцяя, дэтэктыўная. Уладальнік Нясвіжа Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка — адзін з самых знакамітых падарожнікаў на нашых землях. Ён наведваў Аўстрыю, Германію, Францыю, Італію, Грэцыю, Сірыю, Палесціну, Егіпет. У 1601 г. была надрукавана на лацінскай мове знакамітая “Перэгрынацыя” — дзённік яго падарожжа на Святую зямлю, якое князь здзейсніў у 1583-1584 гг.
Ілюстрацыі да яе выканаў прыдворны мастак і гравер Радзівіла Томаш Макоўскі. Ён жа па загаду Мікалая Хрыстафора выгравіраваў падрабязную карту Вялікага княства Літоўскага, у каментарыях да якой даў агульную характарыстыку края. Пахаваны Сіротка ў крыпце касцела Цела Гасподня ў Нясвіжы. На помніку, які знаходзіцца каля ўваходу ў крыпту, ёсць эпітафія, аўтарам якой з’яўляецца сам Сіротка: “Перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі падарожнік”.
Як бачым, падарожнікам князь быў знатным, а вось ці піў ён каву?! Пачакайце, не кідайце адразу ў нас камяні! Шчыра скажам, што ў “Перэгрынаціі” пра гэта няма ані слова! Але цікава, у той час, калі жыў Сіротка, ці была ў яго такая магчымасць? Давайце паспрабуем разабрацца.
Мікалай Хрыстафор атрымаў вельмі добрую адукацыю, выдатна ведаў латынь, на якой у той час друкавалі кнігі, у тым ліку і па медыцыне. Дарэчы, у Лейпцыгскім універсітэце сярод іншых дысцыплін ён вывучаў і медыцыну. Гэтыя веды ў хуткім часе яму вельмі спатрэбіліся, бо ў 1575 г. князь моцна захварэў. Да таго ж дадалася рана галавы, якую ён атрымаў у 1579 г. пры абароне Полацка ад войска Івана Жахлівага. Мікалай Хрыстафор звяртаўся за дапамогай да самых тытулаваных дактароў, ездзіў лячыцца на курорты ў Яварова ў 1578 г. (Заходняя Україна), затым у Германіі, у 1580 г. у Італіі.
Пра лекавыя ўласцівасці кавы ў Еўропе ведалі даўно, дзякуючы Авіцэне (980-1037 гг.). У яго часы каву лічылі сродкам, які дапамагае ад галаўной болі і хваробаў жывата. Але паступова яе сталі ўжываць як напой, які дае бадзёрасць. І вынаходнікамі ў гэтым былі не еўрапейцы, а эфіопскія пастухі. Ад іх звычай піць каву падхапілі манахі, каб мець магчымасць маліцца ноччу. Фернан Брадэль у кнізе “Структуры паўсядзённасці” адзначае, што ў другой палове 15 ст. каву сталі ўжываць у Адэне (Емен), ў 1510 г. яе сляды можна прасачыць у Каіры.
У 1548 г. італьянец Антоніа Менавіна надрукаваў “Пяць кніг пра законы, рэлігію і жыццё турак”, дзе піша і пра каву. Сам Менавіна вельмі добра ведаў гэты напой, бо яшчэ 12-гадовым падлеткам, патрапіўшы ў палон, апынуўся пры двары турэцкага султана. Першымі еўрапейцамі, якія пачалі актыўна спажываць каву, былі купцы, якія мелі гандлёвыя сувязі з Асманскай імперыяй. На самой справе, ім часта прыходзілася па начах сядзець над рахункамі, а кава давала бадзёрасць.
Як у тыя часы гатавалі каву, можна даведацца з навуковай працы італьянскага доктара і батаніка Праспера Альпіні. У кнізе “Пра медыцыну егіпцян”, якая была надрукавана ў 1592 г., ён піша: “Надзвычай распаўсюджана там (у Егіпце) ужыванне напою, які называецца хаова (кава), яго робяць з чорных зярнят, якія знешне нагадваюць бабы. Робяць гэты напой з ядраў зярнят, ачышчаных ад шалупіння, трохі абсмажваюць на агні, затым вараць у 20 фунтах вады; іншыя пакідаюць вышэй згаданыя зярняты высушанымі і дробна размолатымі на суткі ў вадзе; некаторыя не вымачваюць іх у вадзе, а адразу вараць. Адфільтраваны напой падаюць ў закрытым гліняным посудзе”. Як бачым, Альпіні апісвае цэлых тры рэцэпты прыгатавання кавы! А ён вельмі добра ведаў, пра што пісаў, бо правёў у Егіпце тры гады. У 1580 г. Праспера Альпіні накіраваўся туды ў якасці асабістага доктара венецыянскага консула ў Каіры Джорджа Эма. Час, які ён правёў у Егіпце, Альпіні прысвяціў вывучэнню прыроды і стану медыцыны ў тых краях. Потым ён быў доктарам на генуэзскім флоце, а з 1603 г. кіраваў батанічным садам у Падуі і кафедрай фармакалогіі Падуанскага ўніверсітэта. Ці меў ён хоць нейкія стасункі з Сіроткам? Цалкам верагодна.
Падчас падарожжа ў Егіпце Мікалай Хрыстафор Радзівіл жвава цікавіўся не толькі прыродай, жывёламі, тым, як вядуць гаспадарку ў гэтай краіне, але і медыцынскімі пытаннямі. Напрыклад, ён звярнуў увагу на тое, што мясцовыя жыхары часта пакутуюць хваробамі вачэй і звязаў іх з дрэнным харчаванем бедных людзей, пыльным паветрам, а таксама цяжкімі галаўнымі ўборамі, якія там насілі. Чаму Сіротка не ўзгадаў пра каву ў “Перэгрынацыі”, скажаце вы? Магчыма, на час падарожжа для яго гэта быў ужо дастаткова звыклы лекавы напой? Ну мы з вамі таксама не пішам у блогах, што зранку пілі, напрыклад, цытрамон. Радзімаю кавы з’яўляецца Эфіопія, але арабы часта называюць каву “бінт аль Йаман” — “Дачка Емена”. І гэта не выпадкова, камерцыйным прадуктам яе зрабіў менавіта Емен. У часы Сіроткі адтуль прывозлі каву ў Егіпет, і гэта быў знакаміты гатунак Мока! (Памятаеце радок з паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” — “каб кава мокай пахла”?!) Сваю назву ён атрымаў ад невялікага партовага горада Моха на ўзбяржжы Чырвонага мора. У 15-17 стст. гэта быў асноўны рынак па продажу і вывазу кавы. На працягу трох стагоддзяў словы “кава” і “мока” былі сінонімамі. Трыумфальнае шэсце кавы з Емена па свету пачалося ў другой палове 17 ст., але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, сведкамі якой былі патомкі Сіроткі.
Калі Мікалай Хрыстафор Радзівіл вярнуўся са Святой зямлі, у Нясвіжы ўжо ішло будаўніцтва каменнага замка. Пакоі князя знаходзіліся ў галоўным корпусе на другім паверсе. Побач са спальняй быў невялічкі пакойчык — аптэчка, — у якой захоўвалі не толькі лекі, але і зборнікі рэцэптаў. Большасць з іх была на той час рукапіснымі. Два такіх зборніка выявіў у фондзе Радзівілаў у Цэнтральным гістрачным архіве В.П Грыцкевіч. Адзін з іх складаецца з пропісаў 1600 і 1640 гг. і ўключае 539 рэцэптаў лекаў. Можа, узгадкі пра выкарыстанне кавы ў якасці лекавага сродку трэба пашукаць ў гэтых зборніках?
Ёсць яшчэ адна праблема ў дачыненні да кавы. У 16 ст. царкоўнікі лічылі яе “сатанінскім напоем” і нават патрабавалі яе забароны. Сіротка, як мы ведаем, быў шчырым каталіком. Але, калі ў яго і былі якія пытанні накот гэтага, то, дзякуючы папе Кліменту YIII (папа рымскі з 30 студзеня 1592 г. па 3 сакавіка 1605 г.), яны зняліся. Клімент YIII, перш чым прыняць рашэнне аб забароне кавы, сам пакаштаваў яе, пасля чаго сказаў: “Гэты д’яблаў напой такі смачны, што мы павінны ашукаць д’ябла і дабраславіць яго”. Праўда, дакументальна гэта нідзе не зафіксавана. Як бачым, пытанні “ці піў Сіротка каву?”, “ці была яна дакладна ў замку?”, застаюцца адкрытымі. З цягам часу на іх абавязкова адкажуць прафесійныя даследчыкі. Так што ў Нясвіжа ёсць шанс стаць першым беларускім горадам у справе спажывання кавы, няхай сабе і ў якасці лекаў. Чым яшчэ слаўны Нясвіж і яго ўладальнікі? Адказ на гэта пытанне — у экскурсіі “Помнікі Міра і Нясвіжа" кожную сераду, чацвер, пятніцу і суботу https://viapol.by/assembly/1.1.htm. Ужо хутка!
|
22 апреля 2020 г. Аматарам кавы і падарожжаў... Кава і падарожжы — як два бакі адного медаля. Памятаеце тое адчуванне прыемнай стомы ад новых уражанняў пасля экскурсіі і асалоду ад кожнага глытка духмянай кавы, калі адпачываеш за столікам у кавярні?! Зараз гэтага так не хапае. То, можа, адправімся з Віаполем ў падарожжа віртуальнае? І, зразумела, з кубачкам кавы. А калі сыйдзе гэтая пошасць — запрашаем на экскурсіі: “Дарогай замкаў” https://viapol.by/assembly/1.23.htm і “Пад зоркай Навагрудка” https://viapol.by/assembly/2.21.htm
ГІСТОРЫЯ ДРУГАЯ. АДАМ МІЦКЕВІЧ І АЛЯКСАНДР ПУШКІН. КАВА ЦІ ГАРБАТА?
Гісторык беларускай кухні Алесь Белы піша, што нашыя продкі дастаткова рана пазнаёміліся з гэтым духмяным напоем і ўжо ў першай палове 19 ст. шмат у якіх шляхецкіх сядзібах дзень пачынаўся менавіта з кавы.
|