RU
Главная / Блог о путешествиях
 
 
Путеводитель
Поселения
Выдающиеся личности
Блог о путешествиях
17 апреля 2020 г.
Аматарам кавы і падарожжаў — у Міжнародны дзень кавы.
...Значны перыяд жыцця Адама Міцкевіча звязаны з Францыяй і Парыжам. Тут, смуткуючы па Радзіме, ён напісаў свайго “Пана Тадэвуша”. У Калеж дэ Франс ён узначальваў кафедру славянскіх літаратур і стаў першым прафесарам славянскай славеснасці ў гэтай установе, а яшчэ займаўся рэдактарскай справай. А ўявіць Парыж без кавы, якую вельмі любіў паэт, немагчыма! Самая знакамітая кавярня Парыжа, у якой у часы Адама Міцкевіча любілі збірацца літаратары і філосафы, была заснавана яшчэ ў 1686 г. сіцыліянцам Франчэска Пракопія дэі Кальтэллі, якога ўсе называлі проста Пракоп. Такая назва замацавалася і за кавярняй — Le Procope. Менавіта ў ёй любілі бываць сучаснікі Міцкевіча — Жорж Санд, Віктор Гюго, Анарэ дэ Бальзак...


Без кубачка духмянай кавы Бальзак увогуле не мог працаваць! Ён мог прайсці палову Парыжа ў пошуках якаснага зерня! Як адзначаў сам пісьменнік, толькі з кавай у яго “ідэі прыходзяць у рух і пачынаюць маршыраваць як батальёны вялікай арміі на вялікай вайне. Думкі ўздымаюцца да неба, як сцягі на высокіх флагштоках; кавалерыя метафар разгортваецца ў бліскучым галопе; артылерыя логікі выстрэльвае ўсімі патронамі з крытых вайсковых фургонаў; чарніла разліваюцца па паперы — начная праца пачынаецца і завяршаецца ў гэтых чорных патоках, як бітва пачынаецца і завяршаецца чорным порахам”. Кажуць, падчас напружанай працы пісьменнік выпіваў да 50 кубачкаў, а калі не было магчымасці заварыць каву, то проста жаваў зярняты! У рэальнасці, як сцвярджаюць біёграфы Бальзака, за дзень ён спажываў усяго 3-4 кубачкі, а за гады працы над “Чалавечай камедыяй” выпіў каля 15 тыс. кубачкаў духмянага напою.