RU
Главная / Блог о путешествиях
17 апреля 2020 г.
Автор: Татьяна Яцкевич
Фото: Виаполь
Аматарам кавы і падарожжаў — у Міжнародны дзень кавы.
...Значны перыяд жыцця Адама Міцкевіча звязаны з Францыяй і Парыжам. Тут, смуткуючы па Радзіме, ён напісаў свайго “Пана Тадэвуша”. У Калеж дэ Франс ён узначальваў кафедру славянскіх літаратур і стаў першым прафесарам славянскай славеснасці ў гэтай установе, а яшчэ займаўся рэдактарскай справай. А ўявіць Парыж без кавы, якую вельмі любіў паэт, немагчыма! Самая знакамітая кавярня Парыжа, у якой у часы Адама Міцкевіча любілі збірацца літаратары і філосафы, была заснавана яшчэ ў 1686 г. сіцыліянцам Франчэска Пракопія дэі Кальтэллі, якога ўсе называлі проста Пракоп. Такая назва замацавалася і за кавярняй — Le Procope. Менавіта ў ёй любілі бываць сучаснікі Міцкевіча — Жорж Санд, Віктор Гюго, Анарэ дэ Бальзак...


Адам Міцкевіч у юнацтве

Без кубачка духмянай кавы Бальзак увогуле не мог працаваць! Ён мог прайсці палову Парыжа ў пошуках якаснага зерня! Як адзначаў сам пісьменнік, толькі з кавай у яго “ідэі прыходзяць у рух і пачынаюць маршыраваць як батальёны вялікай арміі на вялікай вайне. Думкі ўздымаюцца да неба, як сцягі на высокіх флагштоках; кавалерыя метафар разгортваецца ў бліскучым галопе; артылерыя логікі выстрэльвае ўсімі патронамі з крытых вайсковых фургонаў; чарніла разліваюцца па паперы — начная праца пачынаецца і завяршаецца ў гэтых чорных патоках, як бітва пачынаецца і завяршаецца чорным порахам”. Кажуць, падчас напружанай працы пісьменнік выпіваў да 50 кубачкаў, а калі не было магчымасці заварыць каву, то проста жаваў зярняты! У рэальнасці, як сцвярджаюць біёграфы Бальзака, за дзень ён спажываў усяго 3-4 кубачкі, а за гады працы над “Чалавечай камедыяй” выпіў каля 15 тыс. кубачкаў духмянага напою.
Анарэ дэ Бальзак

Любімым гатункам кавы ў Бальзака быў “Бурбон Пуанцю”, узнікненне якога звязваюць з каралём-сонцам Людовікам XIV (1638-1715). Маўляў, па яго загаду Вест-індская кампанія прывезла зярняткі кавы з Йемена на востраў Рэюн’ён (у Індыйскім акеане), дзе з імі адбылася нейкая мутацыя. У выніку ўтрыманне кафеіну паменьшылася ўдвая і напой набыў непаўторны салодкі водар і бездакорны смак. З Людовікам XIV звязваюць і звычай дадаваць у каву цукар. Менавіта гэты гатунак кавы ўпадабаў і праўнук караля-сонца Людовік XV (1710-1774). Калі верыць усім паданням, то гэта быў сапраўдны кароль-барыста. У яго быў свой кававы пакой, дзе час ад часу ён сам варыў духмяны напой.
На жаль, у 19 ст. плантацыі легендарнай кавы на востраве Рэюн’ён моцна пацярпелі ад цыклонаў і засухі і сталі скарачацца. Апошнюю партыю “Бурбон Пуанцю” адправілі з вострава ў 1942 г. Але цуды часам здараюцца. У 1999 г. было знойдзена каля 30 дрэваў, дзякуючы чаму японская кампанія UCC Ueshima Coffee пры падтрымцы французскага ўрада змагла аднавіць гатунак. Сёння Бурбон Пуанцю — адзін з рэдкіх і дарагіх гатункаў кавы. Сто грамаў зерня каштуюць каля $60. Японцы падаюць гэты гатунак як каву Анарэ дэ Бальзака.

Але пры чам тут Бальзак да Міцкевіча, скажаце вы?! Французы нездарма кажуць — Cherchez la femme (Шерше ля фам) — шукайце жанчыну! Пашукаем і мы. Адам Міцкевіч і Анарэ дэ Бальзак былі закаханыя ў родных сясцёр і нават маглі стаць сваякамі!

Партрэт Эвеліны Ганьскай. Фердынанд Георг Вальдмюлер. 1835 г

Галоўнай музай Анарэ дэ Бальзака была Эвеліна Ганьская. Яны пазнаёміліся ў 1832 г. завочна, калі Эвеліна даслала першы ліст свайму куміру, які падпісала як “незнаёмка”. Праз год, у 1833 г., яны сустрэліся ў Швейцарыі, у гарадку Неўшатэль. Эвеліна была замужам, таму свае пачуцці закаханыя доўгі час выказвалі толькі ў лістах. Нават пасля таго, як Эвеліна аўдавела, ажаніцца яны змаглі толькі праз некалькі гадоў — ў 1850 г. Акрылены шчасцем, Бальзак пісаў: “Я ажаніўся з адзінай жанчынай, якую кахаў, якую кахаю яшчэ больш, чым раней, і буду кахаць да самай смерці. Саюз гэты, на маю думку, — гэта ўзнагарода, падараваная мне Богам за ўсе цяжкасці майго жыцця.” Бальзаку на той час споўнілася 50 гадоў, ён ужо цяжка хварэў. “Гіпертрафія сэрца” — менавіта такі дыягназ паставілі дактары, звязаўшы хваробу ў тым ліку з празмерным ужываннем кавы. Праз пяць месяцаў пасля вяселля Эвеліна аўдавела. Астатнія 30 гадоў жыцця яна прысвяціла адной мэце — увекавечыць творы свайго каханага.

Караліна Сабаньская на малюнках А.С. Пушкіна

Музай Адама Міцкевіча на некаторы час стала родная сястра Эвеліны Ганьскай — знакамітая Караліна Сабаньская. З гэтай свецкай ільвіцай Міцкевіч пазнаёміўся ў Адэсе — горадзе, дзе са слоў паэта, “валоскімі гарэхамі былі забрукаваны вуліцы”. Караліна, якая, па ўспамінах сучаснікаў, валодала нейкай незямной, дэманічнай прыгажосцю, скарыла сэрца паэта. Але на той час яна была каханкай графа Івана Віта і заляцанні Адама Міцкевіча ўсур’ёз не прымала. Менавіта ў кампаніі Віта, Сабаньскай і яе брата Генрыха Ржэвускага Міцкевіч, які мучыўся ад рэўнасці, адправіўся ў падарожжа па Крыму. Вынікам яго сталі знакамітыя “Крымскія санеты”. Міцкевіч прысвячаў Караліне Сабаньскай палкія і меланхалічныя элегіі і хаваў яе імя за ініцыяламі D.D., а яна заставалася халоднай, як лёд.

Пренебрегаешь мной! Уже погас твой пыл?
Но он и не горел. Иль стала ты скромнее?
Другим ты увлеклась. Ждешь золота краснея?
Но прежде я тебе за ласки не платил.

Но не платя, я их не дешево купил:
Я жертвы приносил, что золота ценнее,
Платил покоем я, платил душой своею...
Зачем же ты ушла? Напрасно б я спросил.

Сегодня у тебя порок открыл я новый:
Ты жаждала похвал. Хвалить бы мог я дым!
Чужой судьбою ты играешь из-за слова.

Не купишь музы ты! Когда стихом своим
Хотел тебя венчать я, как венком лавровым,
То стих мой каменел, став нем и недвижим.


Міцкевіч на скале Аю-Даг. Мастак В.Ваньковіч

А вось яшчэ адзін верш, прысвечаны Караліне:

Что в имени тебе моем?
Оно умрет, как шум печальный
Волны, плеснувшей в берег дальний,
Как звук ночной в лесу глухом…


Толькі аўтарам яго з’яўляецца Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. 5 студзеня 1830 г. паэт запісаў гэты верш у альбом Караліны. Ён таксама быў закаханы ў Сабаньскую, з якой пазнаёміўся значна раней за Міцкевіча. Менавіта ёй прысвечаны яшчэ адзін знакаміты верш паэта:

Я вас любил: любовь еще, быть может,
В душе моей угасла не совсем;
Но пусть она вас больше не тревожит;
Я не хочу печалить вас ничем.
Я вас любил безмолвно, безнадежно,
То робостью, то ревностью томим;
Я вас любил так искренно, так нежно,
Как дай вам бог любимой быть другим.


Але ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць яшчэ адна інтрыга. Караліна і Эвеліна — гэта праўнучкі знакамітага Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі і Францішкі Уршулі — першай жанчыны-драматурга на нашых землях!

Ну вы, напэўна, здагадаліся, што наступная гісторыя будзе пра каву і Радзівілаў. Жадаеце больш даведацца пра Міцкевіча і Пушкіна? Запрашаем на экскурсіі шляхам Адама Міцкевіча гэтым летам: кожны чацвер "Дарогай замкаў" https://viapol.by/assembly/1.23.htm, кожны месяц "Пад зоркай Навагрудка" https://viapol.by/assembly/2.21.htm