RU
Главная / Блог о путешествиях
 
 
Путеводитель
Поселения
Выдающиеся личности
Блог о путешествиях
13 декабря 2021 г.
Аматарам кавы і падарожжаў. Гісторыя чацвертая.
Кава па-мальтыйску разам з Караваджа і Жыгімонтам Каралем Радзівілам
Сёння падчас віртуальнага падарожжа ў часе і прасторы мы зазірнем на Мальту, дзе гатуюць каву па-мальтыйску, наведаем беларускія Сталовічы і даведаемся, якая сувязь існуе паміж знакамітым мастаком Караваджа і Жыгімонтам Каралем Радзівілам, уладальнікам Сталовічаў.


У кожнага аматара кавы ёсць свой любімы напой. Нехта любіць эспрэса, камусьці падабаецца латэ, іншыя і дня не могуць вытрымаць без капучына. Значна радзей у кавярнях прапануюць каву па-ірландску, а каб пакаштаваць каву па-мальтыйску, ўвогуле трэба паехаць на Мальту. Гатуецца яна па адмысловаму рэцэпту — з кактусавым лікерам “Байтра” і вяршкамі.



Гісторыя “Байтры” пачынаецца ў 16 ст., калі на Мальту з Новага Свету прывезлі апунцыю інжырную. У тыя часы ў хрысціянскім свеце лікёр, як і каву, выкарыстоўвалі хутчэй як лекавы сродак. А рыцары-мальтыйцы, як мы добра ведаем, праславіліся не толькі апекай над паломнікамі, якія накіроўваліся на Святую Зямлю, але і шматлікімі шпіталямі, у якіх аказвалі медыцынскую дапамогу хворым. Менавіта з гэтым звязана яшчэ адна назва рыцараў — гаспітальеры.



Адзін з такіх шпіталёў быў заснаваны ў канцы 12 стагоддзя ў горадзе Акка. На яго месцы ў сярэдзіне 18 ст. была пабудавана турэцкая крэпасць. Апекуном ордэна з’яўляецца Святы Ян (Іаан) Хрысціцель. Адсюль — яшчэ адна назва рыцараў-мальтыйцаў — іааніты.



Цікава, ці падабалася кава з кактусавым лікёрам аднаму з самых вядомых рыцараў-мальтыйцаў — знакамітаму Караваджа? Шчыра кажучы, наўрад ці ён яе ўвогуле спрабаваў. На здароўе мастак не скардзіўся, калі быў на Мальце, а ў лакандах (італьянскіх тракцірах для простага люду), куды ён часта заходзіў, гандлявалі віном…

На пачатку 17 ст. Караваджа стаў самым знакамітым мастаком у Італіі. Ён стварыў шэраг шэдэўраў, у тым ліку і знакамітую “Мадону дзі Ларэта”, напісаную для капліцы Кавалеці касцёла Сант-Агасціна ў Рыме.



Але следам за ім ішла нядобрая слава парушальніка закона: нашэнне халоднай зброі без дазволу, скандалы ў тракцірах і, нарэшцэ, забойства чалавека ў Рыме і смяротны прысуд. Каб пазбегнуць кары, мастак вымушаны быў бегчы з Рыма. 12 ліпеня 1607 г. Караваджа ступіў на бераг Мальты, дзе ў хуткім часе быў прыняты Вялікім Магістрам Алофам дэ Вільянкурам. Магістр, які быў вялікім аматарам мастацтва, прапанаваў Караваджа заняцца аздабленнем касцёла святога Яна Хрысціцеля ў сталічнай Валеце, а яшчэ заказаў свой партрэт. Дзве карціны мастака — “Святы Еранім, які піша” (“San Girolamo scrivente”) і “Усячэнне галавы Яна Хрысціцеля” і сёння ўпрыгожваюць храм і прывабліваюць шмат турыстаў.

Апошняя з іх — адзіная карціна, на якой Караваджа пакінуў свой аўтограф. Імя Michelagnolo Merisi (Мерызі — сапраўднае прозвішча мастака) напісана ўнізе карціны кроплямі крыві, якая выцякае з перарэзанага горла Хрысціцеля. Перад аўтографам стаіць літара F — frate — брат ордэна іаанітаў. За свае заслугі перад ордэнам Караваджа быў прысвечаны ў яго, прычым без абавязковых папярэдніх выпрабаванняў.



8 студзеня 1612 г. менавіта перад гэтай карцінай у Араторыі храма з запаленай свечкай у руках, стоячы на каленях, прыносіў зарок паслушэнства, цноты і галечы сын Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі Жыгімонт Караль. Выслухаўшы гэтыя абяцанні, Вялікі Магістр Мальтыйскага ордэна Алоф дэ Вільянкур перавязаў поясам шырокую вопратку маладога княжыча, што сімвалізавала адмову ад былой свабоды, а затым ўручыў яму аголены меч і залатыя шпоры. Меч даваўся рыцару для абароны ўсіх удоў і сірат і паражэння ворагаў хрысціянскай веры. Залатыя шпоры, якія пакрываліся пылам і брудам, калі імі карысталіся ў штодзённым жыцці, сімвалізавалі пагарду рыцара да скарбаў і карыслівасці.



Стаць рыцарам-мальтыйцам мог далёка не кожны, хто гэтага жадаў. Кандыдат павінен быў належаць да знатнага роду, а яшчэ прайсці выпрабаванне — два гады правесці ў моры, на галерах ордэна, каб даказаць сваю мужнасць і адвагу. Жыгімонт Караль, у адрозненне ад Караваджа, прайшоў такое выпрабаванне і прыняў удзел у шэрагу вайсковых экспедыцый, у тым ліку ў Паўночную Афрыку і на Карынф.

Рашэнне “падпяразацца на рыцара” Жыгімонт Караль прыняў пад уплывам мальтыйскага кавалера Марціна Судо і прыара ордэна Кастэлета, калі вучыўся ў балонскім універсітэце (1608 г.). Яны ж суправаджалі яго на Мальту ў снежні 1610 г. Але перад гэтым Жыгімонт Караль павінен быў атрымаць дазвол ад свайго бацькі на ўступленне ў Ордэн і наведаў Нясвіж. Сіротка спачатку не ўхваляў рашэнне сына, бо вельмі добра ведаў, што мусульмане не мелі літасці да мальтыйскіх рыцараў, якія траплялі ў палон. Аднак Жыгімонт Караль заставаўся непахісны ў сваім рашэнні, і бацька вымушаны быў саступіць. 9 снежня 1610 г. Сіротка напісаў ліст генералу Мальтыйскага ордэна Сцыпіёну Баргезе, у якім прасіў пратэкцыі для сына, і Жыгімонт Караль выправіўся ў дарогу. (Сцыпіён Баргезе быў пляменнікам папы Паўла Y і вялікім прыхільнікам творчасці Караваджа).



Каб забяспечыць свайму сыну высокае становішча ў ордэне, Мікалай Хрыстафор заснаваў першае на нашых землях мальтыйскае камандорства, у якое ўвашлі маёнткі Сталовічы і Пацейкі. Права прызначэння сталовіцкіх камандораў належала Радзівілам. Згодна з умовай, гэтую пасаду займаў мальтыйскі рыцар з роду Радзівілаў, а калі такі адсутнічаў, то рыцар з падданых княства, і толькі пасля — рыцар з Польскага каралеўства.



З Мальты ў Нясвіж Жыгімонт Караль вярнуўся незадоўга да смерці бацькі. Калі 28 лютага 1616 г. Сіротка адышоў у іншы свет, Жыгімонт Караль па тэстаменту атрымаў маёнтак Дзераўная з мястэчкам Хотава, а таксама Крошын і Калдычова. У Крошыне, які стаў яго рэзідэнцыяй, камандор адкрыў шпіталь для бедных, у Дзераўной пабудаваў уніяцкую царкву, а ў Сталовічах — драўляны касцёл Святой Марыі і Яна Хрысціцеля.
Пробашч Сталовіцкага касцёла меў права насіць мальтыйскі крыж. Кожны панядзелак у касцёле адбывалася імша па спачыўшых магістрах і рыцарах Мальтыйскага Ордэна са спяваннем літаніі. Па аўторках маліліся за зберажэнне Вялікага Магістра і рыцараў-мальтыйцаў. На вялікія святы і штопятніцу адбываліся хросныя хады за мір і зберажэнне Мальтыйскага вострава і Ордэна ад турак. Напярэдадні свята Панны Марыі (8 верасня) служылі абедню за братоў-рыцараў, якія загінулі ў Вялікай аблозе Мальты туркамі ў 1565 г.



У 1639 г. у Сталовічах па загаду Жыгімонта Караля была пабудавана мураваная Ларэтанская капліца, куды памясцілі скульптуру і абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Ларэтанскай. Беларускі гісторык і архівіст Сяргей Рыбчонак выказаў меркаванне, што абраз Жыгімонт Караль мог набыць у Ларэта, праз які ў 1610 г. накіраваўся на сустрэчу са Сцыпіёнам Баргезе. Маці Божая лічылася апякункай мальтыйскіх рыцараў, бо менавіта на яе свята, 8 верасня 1565 г. завяршылася Вялікая аблога Мальты туркамі. Магчыма, што Баргезе ўласнаручна асвяціў гэты абраз, каб ён ахоўваў новага рыцара ў барацьбе з ворагамі хрысціянскай веры.

Жыгімонт Караль займаўся не толькі справамі Сталовіцкай камандорыі. Ён прыняў удзел у Трыццацігадовай вайне (1618-1648 гг.) на баку Габсбургаў, удзельнічаў у Хоцінскай бітве з туркамі ў 1621 г., у баях пад Смаленскам супраць маскоўскага войска (1632-1634 гг.). У 1625 г. Жыгімонт Караль Радзівіл узначаліў познаньскую камандорыю, а напрыканцы жыцця марыў стварыць у Рэчы Паспалітай асобны прыарат Мальтыйскага ордэна. На жаль, гэтым марам не суджана было здзейсніцца. У 1639 г. здароўе камандора рэзка пагоршылася, ў хуткім часе ён выправіўся ў Італію на лячэнне і на радзіму ўжо не вярнуўся.

Незадоўга да смерці ён вырашыў яшчэ раз пабываць на Мальце. 5 лістапада 1642 г., па вяртанні з Мальты, слынны рыцар памёр у горадзе Асізі і быў пахаваны ў касцёле Святога Францыска. Браты-мальтыйцы палічылі вартым ушанаваць памяць пра Жыгімонта Караля ў касцеле Яна Хрысціцеля ў Валеце. Менавіта там пахаваны каля 380 самых знакамітых рыцараў-мальтыйцаў, у тым ліку і Вялікі магістр Жан Парызо дэ Ла Валета. Пра заслугі Радзівіла перад Мальтыйскім ордэнам нагадвае помнік, устаноўлены ў гэтым храме.



Па легендзе, перад смерцю Жыгімонт Караль паспеў перадаць свой камандорскі крыж блізкаму сябру і брату па Ордэну Мікалаю Уладзіславу Юдзіцкаму. Ён і стаў наступным сталовіцкім камандорам. Затым гэтую пасаду займаў брат Мікалая — Томаш, а з 1688 г. — Казімір Міхал Пац (?-1719 г.)



Частка даходаў ад Сталовіцкай камандорыі накіроўвалася на Валету. Магчыма, гэтыя сродкі пайшлі і на аздабленне сабора Яна Хрысціцеля ў Валеце. У другой палове 17 ст. гэтым займаўся вядомы мастак Маціа Прэці. Ён быў паслядоўнікам Караваджа і рыцарам-мальтыйцам. Будаўніцтва велічнага мураванага касцёла Яна Хрысціцеля ў Сталовічах пачалося ў 1740 г. 50 000 злотых на гэта выдзяліў тагачасны ўладальнік мястэчка, рыцар Мальтыйскага ордэна, камандор познаньскі і сталовіцкі Міхал Дамброўскі. Паводле задумы архітэктара Іосіфа Фантана старажытная Ларэтанская капліца была ўключана ў новы храм у якасці прэсбітэрыя. Завяршаў будаўніцтва знакаміты стваральнік віленскага барока Ян Глаўбіц (1743–1746 гг.), па праекце якога былі створаны пышныя алтары касцёла.





Дзейнасць Мальтыйскага ордэна на нашых землях была скасавана ў 1817 г. Пасля паўстання 1863 г. храм перадалі праваслаўным і пераасвяцілі ў гонар Святога Аляксандра Неўскага. Скульптуру Маці Божай Ларэтанскай пазней перадалі ў новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Іісуса, пабудаваны ў Сталовічах ў 1907-1911 г. Арыгінальная скульптура, на жаль, не захавалася. Зараз у храме знаходзіцца яе копія.







Касцёлу ў Сталовічах пашанцавала, бо ён захаваўся, хоць і быў значана перабудаваны. А вось пра рэзідэнцыю Жыгімонта Караля ў Крошыне і шпіталь, які ён там заснаваў, амаль няма звестак. Як яны выглядалі? Дзе менавіта знаходзіліся? Каго і як лячылі ў шпіталі? На гэтыя пытанні з цягам часу, безумоўна, адкажуць прафесійныя даследчыкі.
Каб пакаштаваць сапраўдную каву па-мальтыйску, трэба ехаць на Мальту. А да гісторыі слынных рыцараў можна дакрануцца і ў беларускіх Сталовічах. Чым яшчэ знакамітае гэтае мястэчка? Які помнік знаходзіцца побач з былым касцёлам? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў час экскурсіі “Па абодва бакі “беларускага экватара” https://viapol.by/assembly/1.24.htm