RU
Главная / Блог о путешествиях
 
 
Путеводитель
Поселения
Выдающиеся личности
Блог о путешествиях
15 февраля 2022 г.
Палац Сапегаў у Ружанах не аднойчы станавіўся зоркай кіно. Тут здымалі тры фільмы: «Я родам з дзяцінства” (1966 г., кінастудыя “Беларусьфільм”), “Песня пра Маншук” (1969 г., кінастудыя “Казахфільм”) і “Хлеб пахне порахам” (1974 г., кінастудыя “Беларусьфільм”). Гэтыя фільмы даюць нам магчымасць пабачыць, як выгладаў палац тады, якія змены адбыліся з ім за гэты час, а таксама дакрануцца да біяграфій знакамітых людзей, якія удзельнічалі ў здымках.

Першым у гэтым шэрагу знакамітасцей мы ўзгадаем Віктара Турава — кінарэжыёра, народнага артыста Беларусі і СССР. У 1994 г., калі адзначалі 100-годдзе кінематаграфіі, дыпломная работа Віктара Турава фільм “Праз могілкі” рашэннем ЮНЭСКА быў унесены ў спіс 100 найбольш значных фільмаў свету. (Але гэты фільм да Ружанаў адносін не мае, ён здымаўся у Навагрудку.) У 1995 годзе Віктар Тураў быў уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.
Фільм «Я родам з дзяцінства” стаў дэбютам Віктара Турава на вялікім экране. Сцэнарый напісаў Генадзь Шпалікаў (ён жа аўтар сцэнарыя "Я крочу па Маскве"). У фільме здымаліся Ніна Ургант (бабуля вядомага шоу-мэна Івана Урганта), Валеры Зубараў ( тады яшчэ падлетак) і Уладзімір Высоцкі. Дарэчы, тады, у 1965 годзе Высоцкі яшчэ не быў вельмі папулярным. Яго зорка толькі пачынала разгарацца. Ролю танкіста Валодзі сам У. Высоцкі лічыў сваёй першай сур'ёзнай працай у кіно.
Некалькі эпізодаў стужкі "Я родам з дзяцінства" па зацверджанаму на кінастудыі “Беларусьфільм” плану павінны былі здымаць у Ружанах з 30 жніўня да 21 верасня 1965 г., а жылі члены групы ў Слоніме. Па ўспамінах Віктара Турава, у гэтых эпізодах У. Высоцкі не быў заняты, але прыязджаў, каб канчаткова вызначыцца з грымам, касцюмам і іншымі пытаннямі (1).




Менавіта ў гэтым фільме ўпершыню з шырокага экрана прагучалі песні Высоцкага. Калі Віктар Тураў пазнаёміўся з акторам і пачуў, як ён спявае, вырашыў уключыць іх у свой фільм. Непасрэдна для стужкі былі напісаны дзве песні “В холода, в холода” і “Высота”. У фільм увайшла песня “Братские могилы” ( у выкананні Марка Бернеса) і фрагмент “Песни о звездах”.




Выканаўца ролі Капітана Барыс Сівіцкі ўзгадваў, што менавіта ў Ружанах ў драўляным будынку клуба з нейкай незвычайнай акустыкай Высоцкі запісаў 26 песень. На запісе прысутнічалі Тураў, Княжынскі і яшчэ некалькі чалавек, а вёў запіс гукааператар Бакк (2).

Запіс адбыўся 13 верасня і Высоцкі спяваў не для фільма, а тыя песні, якія былі ім напісаны раней (3). Па другой версіі гэты шырокі запіс быў зроблены ў Мінску (4). Вось якія песні былі запісаны:

1. Сегодня я с большой охотою...
2. В тот вечер я не пил, не пел...
3. Я недавно гулял по столице — и...
4. На границе с Турцией или с Пакистаном...
5. Сыт я по горло, до подбородка...
6. Хоть бы облачко, хоть бы тучка...
7. Всего лишь час дают на артобстрел...
8. Нынче все срока закончены...
9. Я рос как вся дворовая шпана...
10. Это был воскресный день...
11. Вот раньше жизнь: и вверх, и вниз...
12. Я женщин не бил до семнадцати лет...
13. О нашей встрече что там говорить!...
14. Сегодня в нашей комплексной бригаде...
15. Все позади — и КПЗ, и суд...
16. Где твои семнадцать лет?...
17. Пока вы здесь в ванночке с кафелем...
18. Мы вместе грабили одну и ту же хату...
19. Зачем мне считаться шпаной и бандитом...
20. Что же ты, зараза, бровь себе подбрила...
21. Я любил и женщин, и интриги...
22. Нам вчера прислали из рук вон плохую весть...
23. Твердил он нам: «Моя она!...»
24. У меня гитара есть — расступитесь, стены...
25. Жил я с матерью и батей...
26. Мой друг уехал в Магадан... (без конца)




У масоўцы здымаліся мясцовыя жыхары.




У 1967 годзе фільм "Я родам з дзяцінства" на кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдовы быў адзначаны прэміяй за лепшую рэжысерскую працу, а Ніна Ургант атрымала прэмію за лепшую жаночую ролю.




Дзіўна, але тады ў Беларусі даволі холадна аднесліся да фільма, у газеце ЛіМ (Літаратура і мастацтва) надрукавалі крытычны артыкул. Справа была ў тым, што на той момант Віктар Тураў першым паказаў вайну не ў звыклым гераічным плане, а праз эмоцыі дзяцей і лёсы людзей, якія чакалі з фронта сваіх блізкіх, праз трагедыі, якія прынесла вайна. З цягам часу адносіны да фільма змяніліся. Цяпер беларускія крытыкі лічаць яго лепшым за ўсю гісторыю айчыннага кінематографа.
Наступным разам кіно здымалі ў Ружанах у 1969 годзе. Фільм “Песня пра Маншук” кінастудыі “Казахфільм” расказвае пра подзвіг Маншук Маметавай — першай казахскай жынчыны, якой было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Ружанскі палац Сапегаў з’яўляецца на 59-й хвіліне фільма, і прысутнічае да канца стужкі. Палац у фільме ахутаны клубамі дыма, там-сям у руінах адбыаюцца ўзрвы, на фоне галоўнага корпуса ездзіць танк.




Сцэнар напісаў Андрэй Канчалоўскі. Гэта цяпер яго імя вядома ўсім аматарам кіно, у яго паслужным спісе шмат узнагарод, а тады А. Канчалоўскі толькі пачынаў сваё ўзыходжанне на вяршыню кінаалімпа.




Галоўную ролю ў фільме сыграла яго жонка — Наталля Арынбасарава. Сцэнар фільма стаў фактычна развітальным падарункам Андрэя Канчалоўскага для Наталлі, з якой яны пражылі разам 5 гадоў. У шлюбе нарадзіўся сын Ягор.




У галоўнай мужчынскай ролі — разведчыка лейтэнанта Валянціна Яжова — зняўся брат А. Канчалоўскага — Мікіта Міхалкоў. Апошнія сцэны фільма здымаліся таксама ў Ружанах, у руінах палаца Сапегаў. Да смяротна параненай Маншук прарываецца Яжоў, гераіня памірае ў яго на руках.



Прэм’ера фільма адбылася ў Маскве ў 1970 годзе. Тады ўпершыню за ўсю гісторыю савецкага кінематографа была арганізвана персанальная прэс-канферэнцыя Наталлі Арынбасаравай ў прамым эфіры. Фільм атрымаў некалькі узнагродаў. За ролю Маншук актрыса павінна была атрымаць Дзяржаўную прэмію СССР, але тады з Казахстана не прыслалі неабходныя дакументы (5).
У 1973 годзе ў Ружанах здымалі фільм “Хлеб пахне порахам” па аповесці Івана Шамякіна “Эшалон у Германію”. У фільме паказаны падзеі 1918 года, калі бальшавікі па ўмовах Брэсцкага мірнага дагавора адсылаюць некалькі эшалонаў з хлебам для расійскіх ваеннапалонных у Германію. У фільме палац Сапегаў стаў месцам, дзе утрымліваліся палонныя.




Галоўныя ролі выканалі вядомыя акторы: Уладзімір Самойлаў (Даніла Івашчанка) і Сяргей Сазонццяў (прапаршчык Лукашэвіч). У эпізодах здымаўся Міхаіл Какшэнаў.




У 1974 годзе на VII Усесесаюзным кінафестывалі ў Баку фільм атрымаў дыплом, але шырокай вядомасці ён не атрымаў.




Сёння ў Ружанах няма ніякіх памятных знакаў, звязаных са здымкамі фільмаў і тымі славутымі асобамі, якія прымалі ў іх удзел. Можа, пара закласці алею знакамітасцей у центры мястэчка, усталяваць інфармацыйныя стэнды з фотаздымкамі. А яшчэ было б здорава прысесці ў гарадскім скверы на памятную лаўку і, скарыстаўшыся QR-кодам, паглядзець фрагменты з фільмаў, дзе ёсць палац Сапегаў, паслухаць песні Уладзіміра Высоцкага, напісаныя для фільма “Я родам з дзяцінства”. Тое ж самае можно было б зрабіць і ў мясцовай кавярні.
А пакуль можна прыехаць у Ружаны на экскурсію разам з туркампаніяй “Віаполь”, каб даведацца пра даўнюю гісторыю мястэчка і яго уладальнікаў. https://viapol.by/assembly/3.2.htm

Выкарыставаны матэрыялы:
1. В. Туров. "О дружбе с Высоцким я молчал шестнадцать лет..." Диалог ведёт Б. Крепак // сб. "Мир Высоцкого", вып. 1. Москва. 1997 г. стр. 16-17.
2. Б. Сивицкий. "Нам всем было до тридцати" // сб. "Белорусские страницы", вып. 1, Минск. 1999 г., стр. 21.
3. А. Королев. Высоцкий в Ружанах / https://sources.ruzhany.info/015.html#rujany_magnetotape
4. "Воспоминания о Володе Высоцком". Публ. В. Подвербного. Газ. "Знамя юности", Минск. 1999 г. 23 июля.
5. Мерей Сугирбаева. Почему Наталья Аринбасарова так и не получила Госпремию СССР за сыгранную роль героини ВОВ// https://www.caravan.kz/gazeta/pochemu-natalya-arinbasarova-tak-i-ne-poluchila-gospremiyu-sssr-za-sygrannuyu-rol-geroini-vov-693357/

У артыкуле выкарыстываны скрыншоты кадраў з фільмаў