RU
Главная / Блог о путешествиях
 
 
Путеводитель
Поселения
Выдающиеся личности
Блог о путешествиях
23 сентября 2018 г.
Смольгаў — Нясвіж — Залучча — Барэйкаўшчына — Вільня

Не я пяю — народ Божы
Даў мне ў песні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы
І з народам імі скуты.
Ул. Сыракомля


Як часта і заслужана гучыць на розных экскурсіях гэтае светлае імя — Уладзіслаў Сыракомля!.. У суботу, 29 верасня, спаўняецца 195 год з дня нараджэння паэта. А пачынаўся ягоны лёс у фальварку Смольгаў на поўдні Мінскай губерні. Зараз на тым месцы вёска Смольгава (што ў 16 км ад райцэнтра Любань). У 2003 годзе побач з мясцовай сярэдняй школай, якая носіць імя У. Сыракомлі, пастаўлены ў ягоны гонар мемарыяльны камень. Праз год у школе была адкрыта літаратурная экспазіцыя «Лірнік вясковы».



Смольгаў Кандратовічы — бацькі будучага літаратара, таму і ягонае сапраўднае імя і прозвішча Людвік Кандратовіч — пакінулі, калі малому не было яшчэ і двух гадоў. Маленства яго прайшло на колах, бо, вандруючы, Кандратовічы-арэндатары змянілі нямала фальваркаў. І на ўсё сваё кароткае 39-гадовае жыццё ўпартым падарожнікам застаўся ён сам, шчыра запрашаючы ў вандроўкі сваіх чытачоў. У прынёманскім краі пачаў пісаць — і набыў славу «лірніка вясковага» ды свой знакаміты псеўданім — Уладзіслаў Сыракомля…

Абсяг ягонай нястомнай дзейнасьці здзіўляе і сёньня. Ён пісаў лірычныя вершы і паэмы, народныя гутаркі і песні, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гістарычна-літаратурыня даследванні і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні і фалькларыстычныя працы, перекладаў з лацінскай, французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, рускай, украінскай моў. На жаль, яшчэ і дасёння не сабрана і недастаткова вывучана его літаратурная спадчына.

Пасля смерці — на працягу тыдня! — трох дачок, якіх ён пахаваў непадалёк ад фальварка Залучча (пад Міром, каля сённяшней вёскі Беражна), дзе пачалася ягоная літаратурная дзейнасць і дзе заставацца ён больш не мог з-за цяжкіх успамінаў аб гэтай страце, Сыракомля прыязджае ў верасні 1852 года спачатку ў Вільню, а потым, у красавіку наступнага года, — у сціплы, узяты ім у арэнду фальварак Барэўкаўшчына, што зараз месціцца амаль побач з беларуска-літоўскай мяжой, каля Рукойнаў (па-літоўску — Рукайняй).



Прыязждае Сыракомля сюды з 25-гадовай жонкай Паўлінай з Мітрашэўскіх (яны пабраліся шлюбам у 1844 годзе ў нясвіжскім касцёле Божага Цела), сынам Уладзікам, якому было толькі 4 гады, і памочнікам-сакратаром Вінцэсем Каратынскім, якому ішоў 22 год. Вінцэсь быў добрым каліграфістам і, седзячы за адным сталом з Сыракомлем, перапісваў творы свайго, так бы мовіць, «патрона», а таксама адказваў на шматлікія лісты, адрасаваныя паэту, дый сам паступова далучаўся да паэзіі, да літаратуры ўвогуле.

Дзесяцігоддзе паэта ў Барэйкаўшчыне і Вільне было ўзмацненнем у яго творчасці грамадскіх матываў. У 1853 годзе ў Пецярбургу вышла яго паэма-гутарка «Дабрародны пан Дэмбарог», у Вільні ўбачыла свет краязнаўчая кніга «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», якая перавыдаецца і да нашых дзён вялікімі накладамі! Гэта кніга нібыта сунімала тугу Уладзіслава па мясцінах маладосці, зноў і зноў вяртаючы яго ў родныя ваколіцы: Нясвіж, Стоўбцы, Мір, Койданаў… І як працяг «Вандровак…» быў задуманы і неўзабаве напісаны нарыс «Мінск», у якім ён адзначыў: «Мінск я люблю як сталіцу правінцыі, дзе нарадзіўся. Вільню — як сталіцу майго краю, не ўмею адрозніваць адной любові ад другой».



У 1856 годзе Сыракомля выехаў з Барэйкаўшчыны ў сваё першае падарожжа ў Варшаву. Прывёз туды свае творы для сцэны і вынес уражанне, што яго творчасць у сталіцы Польшчы ведаюць не горш, чым на радзіме. Яго запрашалі на прыёмы, вялі перагаворы пра супрацоўніцтва ў розных перыядычных выданнях, нарэшце, запрашалі стаць рэдактарам газеты і пераехаць на сталае жыхарства ў Варшаву. Але ён адмовіўся, бо, як адзначаў, «сум па радзіме, па сваіх, па Вільне забіў бы мяне».

Між тым разгараецца полымя яго «рамана» з Геленай Маеўскай, жонкай вядомага ў краі этнографа, гісторыка і выдаўца Адама Кіркора, у віленскім літаратурным салоне якога яны і пазнаёміліся. Гэтае каханне двух вольных натур — паэта і актрысы — успыхнула насуперак халоднаму розуму, насуперак бытавой логіцы, але ў поўнай згодзе з іхнымі пачуццямі.

Гелена пакінула мужа і паехала ў Кракаў, што быў пад Аўстрыяй. Потым скіравалася ў Познань, якая ўваходзіла ў склад Прусіі. Сыракомля рушыў услед за ёй у Познань ў 1858 годзе… З часам гэтае каханне абрасло ў вуснах розных каментатараў, часцей недабразычліўцаў і ханжэй, плёткамі і легендамі... Муж прыгажуні ўжо збіраўся абараняць свой гонар на дуэлі з Сыракомлем, але дуэль не адбылася: Гелена разбіла сэрцы абодвум…



Летам 1858 года Сыракомля і Маеўская развіталіся ў Варшаве, не ведаючы, што больш яны ўжо ніколі не сустрэнуцца. Пад канец жніўня таго ж года Сыракомля зноў быў у Барэйкаўшчыне. Ягоны бацька памёр, вестку пра што ён атрымаў яшчэ ў дарозе. Стомлены дарогаю і нервовым напружаннем, засмучаны жалобаю па бацьку, няпэўнасцю стасункаў з Геленай, паэт упаў у дэпрэсію. А тут яшчэ запрацавала чыноўніцкая машына «Слово и Дело»…

Паездка Сыракомлі ў Познань і ягоныя сустрэчы там з дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху сталі прадметам дэталёвага абмеркавання віленскага і пецярбургскага паліцэйскага начальства. У ягоных вершах літаратуразнаўцы ў пагонах знайшлі «шкодны кірунак». За ім быў устаноўлены сакрэтны нагляд. Паперы-даносы збіраліся спакваля ў добры стос. Калі Сыракомля нелегальна (бо ягоны пашпарт быў ануляваны, але ж ён не без рызыкі раздабыў другі ў Коўне) трапіў за мяжу, яго арыштавалі і даставілі ў Вільню. Хворага на сухоты паэта амаль месяц трымалі ў віленскай турме. Пасля, да заканчэння следства, яму дазволілі жыць пад наглядам паліцыі ў Барэйкаўшчыне, а пазней — пераехаць на лячэнне ў Вільню. 15 верасня 1862 года трапяткое сэрца вясковага лірніка перастала біцца ў Вільні — у доме, які захаваўся да нашага часу і адзначаны мемарыяльнай дошкай (вул. Барбары Радзівіл, 3). Прыяцелі ўсклалі яму на чало лаўровы вянок…

Але ж нагляд за ім, як гэта ні парадаксальна, быў спынены не са смерцю, а толькі праз тры дні — з пахаваннем. Вось што пісаў на гэты конт віленскі жандармскі штабс-афіцэр палкоўнік Лосеў: «6 верасня (па ст. ст.) у Вільні адбылося ўрачыстае пахаванне знакамітага польскага паэта Кандратовіча, вядомага ў літаратурным свете пад псеўданімам Сыракомля. Людзей сабралася вельмі многа, да 10 тысяч, нават з суседніх губерняў прыехала шмат асоб, каб аддаць апошнюю пашану яго таленту…»



У гэтым запісе не было аднаго, што засведчылі, аднак, тыя, хто ішоў за труной паэта. Калі пахавальная працэсія рушыла па вуліцах Вільні ў бок могілак Роса, высока ў небе ляцеў у вырай жураўліны ключ, развітаючыся з радзімай і яе песняром жалобным курлыканнем…

Польская, беларуская, літоўская моладзь Віленшчыны сабрала сродкі на памятны камень у гонар Сыракомлі. Ён быў пастаўлены ў Барэйкаўшчыне ў 1899 годзе. Ушанаванне памяці Сыракомлі адбылося таксама ў 1908 годзе, калі былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі ў касцёле Св. Яна ў Варшаве, а яшчэ раней, у 1902 годзе, — у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. З цягам часу з’явіліся вуліцы Сыракомлі ў Варшаве, Вільнюсе, Нясвіжы, Мінску, Навагрудку, Гродне... У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа. У Барэйкаўшчыне супольнымі намаганнямі аматараў паэзіі ў ягоны гонар створаны музей. Здаецца, збылося тое, пра што казаў Янка Купала стагоддзе таму:

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы паміж намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

Экскурсія "Памятники Мира и Несвижа". Маршрут СБ-1.1: Мир — Несвиж https://viapol.by/assembly/1.1.htm