Аматарам кавы і падарожжаў. Гісторыя трэцяя, дэтэктыўная. Уладальнік Нясвіжа Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка — адзін з самых знакамітых падарожнікаў на нашых землях. Ён наведваў Аўстрыю, Германію, Францыю, Італію, Грэцыю, Сірыю, Палесціну, Егіпет. У 1601 г. была надрукавана на лацінскай мове знакамітая “Перэгрынацыя” — дзённік яго падарожжа на Святую зямлю, якое князь здзейсніў у 1583-1584 гг.
Ілюстрацыі да яе выканаў прыдворны мастак і гравер Радзівіла Томаш Макоўскі. Ён жа па загаду Мікалая Хрыстафора выгравіраваў падрабязную карту Вялікага княства Літоўскага, у каментарыях да якой даў агульную характарыстыку края. Пахаваны Сіротка ў крыпце касцела Цела Гасподня ў Нясвіжы. На помніку, які знаходзіцца каля ўваходу ў крыпту, ёсць эпітафія, аўтарам якой з’яўляецца сам Сіротка: “Перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі падарожнік”.
Як бачым, падарожнікам князь быў знатным, а вось ці піў ён каву?! Пачакайце, не кідайце адразу ў нас камяні! Шчыра скажам, што ў “Перэгрынаціі” пра гэта няма ані слова! Але цікава, у той час, калі жыў Сіротка, ці была ў яго такая магчымасць? Давайце паспрабуем разабрацца.
Мікалай Хрыстафор атрымаў вельмі добрую адукацыю, выдатна ведаў латынь, на якой у той час друкавалі кнігі, у тым ліку і па медыцыне. Дарэчы, у Лейпцыгскім універсітэце сярод іншых дысцыплін ён вывучаў і медыцыну. Гэтыя веды ў хуткім часе яму вельмі спатрэбіліся, бо ў 1575 г. князь моцна захварэў. Да таго ж дадалася рана галавы, якую ён атрымаў у 1579 г. пры абароне Полацка ад войска Івана Жахлівага. Мікалай Хрыстафор звяртаўся за дапамогай да самых тытулаваных дактароў, ездзіў лячыцца на курорты ў Яварова ў 1578 г. (Заходняя Україна), затым у Германіі, у 1580 г. у Італіі.
Пра лекавыя ўласцівасці кавы ў Еўропе ведалі даўно, дзякуючы Авіцэне (980-1037 гг.). У яго часы каву лічылі сродкам, які дапамагае ад галаўной болі і хваробаў жывата. Але паступова яе сталі ўжываць як напой, які дае бадзёрасць. І вынаходнікамі ў гэтым былі не еўрапейцы, а эфіопскія пастухі. Ад іх звычай піць каву падхапілі манахі, каб мець магчымасць маліцца ноччу. Фернан Брадэль у кнізе “Структуры паўсядзённасці” адзначае, што ў другой палове 15 ст. каву сталі ўжываць у Адэне (Емен), ў 1510 г. яе сляды можна прасачыць у Каіры.
У 1548 г. італьянец Антоніа Менавіна надрукаваў “Пяць кніг пра законы, рэлігію і жыццё турак”, дзе піша і пра каву. Сам Менавіна вельмі добра ведаў гэты напой, бо яшчэ 12-гадовым падлеткам, патрапіўшы ў палон, апынуўся пры двары турэцкага султана. Першымі еўрапейцамі, якія пачалі актыўна спажываць каву, былі купцы, якія мелі гандлёвыя сувязі з Асманскай імперыяй. На самой справе, ім часта прыходзілася па начах сядзець над рахункамі, а кава давала бадзёрасць.
Як у тыя часы гатавалі каву, можна даведацца з навуковай працы італьянскага доктара і батаніка Праспера Альпіні. У кнізе “Пра медыцыну егіпцян”, якая была надрукавана ў 1592 г., ён піша: “Надзвычай распаўсюджана там (у Егіпце) ужыванне напою, які называецца хаова (кава), яго робяць з чорных зярнят, якія знешне нагадваюць бабы. Робяць гэты напой з ядраў зярнят, ачышчаных ад шалупіння, трохі абсмажваюць на агні, затым вараць у 20 фунтах вады; іншыя пакідаюць вышэй згаданыя зярняты высушанымі і дробна размолатымі на суткі ў вадзе; некаторыя не вымачваюць іх у вадзе, а адразу вараць. Адфільтраваны напой падаюць ў закрытым гліняным посудзе”. Як бачым, Альпіні апісвае цэлых тры рэцэпты прыгатавання кавы! А ён вельмі добра ведаў, пра што пісаў, бо правёў у Егіпце тры гады. У 1580 г. Праспера Альпіні накіраваўся туды ў якасці асабістага доктара венецыянскага консула ў Каіры Джорджа Эма. Час, які ён правёў у Егіпце, Альпіні прысвяціў вывучэнню прыроды і стану медыцыны ў тых краях. Потым ён быў доктарам на генуэзскім флоце, а з 1603 г. кіраваў батанічным садам у Падуі і кафедрай фармакалогіі Падуанскага ўніверсітэта. Ці меў ён хоць нейкія стасункі з Сіроткам? Цалкам верагодна.
Падчас падарожжа ў Егіпце Мікалай Хрыстафор Радзівіл жвава цікавіўся не толькі прыродай, жывёламі, тым, як вядуць гаспадарку ў гэтай краіне, але і медыцынскімі пытаннямі. Напрыклад, ён звярнуў увагу на тое, што мясцовыя жыхары часта пакутуюць хваробамі вачэй і звязаў іх з дрэнным харчаванем бедных людзей, пыльным паветрам, а таксама цяжкімі галаўнымі ўборамі, якія там насілі. Чаму Сіротка не ўзгадаў пра каву ў “Перэгрынацыі”, скажаце вы? Магчыма, на час падарожжа для яго гэта быў ужо дастаткова звыклы лекавы напой? Ну мы з вамі таксама не пішам у блогах, што зранку пілі, напрыклад, цытрамон. Радзімаю кавы з’яўляецца Эфіопія, але арабы часта называюць каву “бінт аль Йаман” — “Дачка Емена”. І гэта не выпадкова, камерцыйным прадуктам яе зрабіў менавіта Емен. У часы Сіроткі адтуль прывозлі каву ў Егіпет, і гэта быў знакаміты гатунак Мока! (Памятаеце радок з паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” — “каб кава мокай пахла”?!) Сваю назву ён атрымаў ад невялікага партовага горада Моха на ўзбяржжы Чырвонага мора. У 15-17 стст. гэта быў асноўны рынак па продажу і вывазу кавы. На працягу трох стагоддзяў словы “кава” і “мока” былі сінонімамі. Трыумфальнае шэсце кавы з Емена па свету пачалося ў другой палове 17 ст., але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, сведкамі якой былі патомкі Сіроткі.
Калі Мікалай Хрыстафор Радзівіл вярнуўся са Святой зямлі, у Нясвіжы ўжо ішло будаўніцтва каменнага замка. Пакоі князя знаходзіліся ў галоўным корпусе на другім паверсе. Побач са спальняй быў невялічкі пакойчык — аптэчка, — у якой захоўвалі не толькі лекі, але і зборнікі рэцэптаў. Большасць з іх была на той час рукапіснымі. Два такіх зборніка выявіў у фондзе Радзівілаў у Цэнтральным гістрачным архіве В.П Грыцкевіч. Адзін з іх складаецца з пропісаў 1600 і 1640 гг. і ўключае 539 рэцэптаў лекаў. Можа, узгадкі пра выкарыстанне кавы ў якасці лекавага сродку трэба пашукаць ў гэтых зборніках?
Ёсць яшчэ адна праблема ў дачыненні да кавы. У 16 ст. царкоўнікі лічылі яе “сатанінскім напоем” і нават патрабавалі яе забароны. Сіротка, як мы ведаем, быў шчырым каталіком. Але, калі ў яго і былі якія пытанні накот гэтага, то, дзякуючы папе Кліменту YIII (папа рымскі з 30 студзеня 1592 г. па 3 сакавіка 1605 г.), яны зняліся. Клімент YIII, перш чым прыняць рашэнне аб забароне кавы, сам пакаштаваў яе, пасля чаго сказаў: “Гэты д’яблаў напой такі смачны, што мы павінны ашукаць д’ябла і дабраславіць яго”. Праўда, дакументальна гэта нідзе не зафіксавана. Як бачым, пытанні “ці піў Сіротка каву?”, “ці была яна дакладна ў замку?”, застаюцца адкрытымі. З цягам часу на іх абавязкова адкажуць прафесійныя даследчыкі. Так што ў Нясвіжа ёсць шанс стаць першым беларускім горадам у справе спажывання кавы, няхай сабе і ў якасці лекаў. Чым яшчэ слаўны Нясвіж і яго ўладальнікі? Адказ на гэта пытанне — у экскурсіі “Помнікі Міра і Нясвіжа" кожную сераду, чацвер, пятніцу і суботу https://viapol.by/assembly/1.1.htm. Ужо хутка! |