RU
Главная / Блог о путешествиях
 
 
Путеводитель
Поселения
Выдающиеся личности
Блог о путешествиях
18 января 2019 г.
Летась мінула 210 год, як прыйшоў у гэты свет чалавек, чыё імя зараз можна сустрэць у энцыклапедыях, манаграфіях, падручніках, хрэстаматыях і г.д. — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Шмат адрасоў Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску. Менавіта ў губернскім Мінску, у суботу 9 лютага 1852 года, спраўдзілася мара Марцінкевіча: разам са Станіславам Манюшкам ён паставіў першую ў гісторыі беларускай культуры оперу — упершыню на мінскай гарадской сцэне гучала беларуская мова. Жывая. Народная. Пра гэтую падзею мы расказваем кожную пятніцу падчас Агляднай экскурсіі па Мінску https://viapol.by/assembly/5.1.htm


Нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч непадалёку ад Бабруйска, у былым фальварку, зараз вёсцы, Панюшкавічы. Свой жыццёвы шлях ён скончыў у Малой Люцінцы, на Валожыншчыне, калі яму ішоў 77-ы год… Пра многае з ягонага жыцця мы ведаем. Яшчэ больш застаецца, як кажуць, у тумане часу. Але здаецца, што ў апошнія гады гэты туман пачаў даволі хутка рассейвацца дзякуючы перш-наперш неверагодна паспяховым — інакш і не скажаш! — знаходкам гісторыка-архівіста Зміцера Дразда. У сваёй ёмістай кнізе «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча», выдадзенай да 210-годдзя беларускага класіка, аўтар робіць вельмі слушную заўвагу: «Кожны юбілей знакамітасці — гэта не толькі падстава для ўрачыстасці, але і выдатная прычына правесці інвентарызацыю нашых старых ведаў, нават тых, што сталі энцыклапедычнымі, бо частку з іх давядзецца раз і назаўжды спісаць на «сметнік гісторыі». Гэта таксама магчымасць увесці у навуковы абарот новыя веды, заснаваныя на апошніх архіўных адкрыццях».

«Таямніцы…» З. Дразда адкрываюць для нас зусім іншы — не хрэстаматыйны, часам нечакана-авантурны і разам з тым таямнічы — вобраз Дуніна-Марцінкевіча, які ў 24 гады… сам сабе і сваім родзічам прыдумаў прыдомак «Дунін» да прозвішча Марцінкевіч, ствараючы ні больш ні менш фантастычны радавод свайго шляхецкага (дваранскага) паходжання! І гэта — толькі кропля ў тых шматлікіх прыгодах жыцця, што выпалі на долю «Дудара Беларускага», як любіў сам сябе называць пан Вінцэнт…

Люцінку (або Люцынку), а дакладней, фальварак Малая Люцінка (між іншым, не такі ўжо і малы фальварак — плошчаю амаль 200 гектараў!) В. Марцінкевіч набыў у межавога суддзі Алойзія Сялявы ў 1840 годзе. Тут, сярод вясковага люду, прайшла большая частка ягонага жыцця. І менавіта тут нарадзіўся ён як пачынальнік новай беларускай літаратуры і як заснавальнік нацыянальный драматургіі і тэатра.

Месціцца Люцінка пры аднайменнай рачулцы, прытоку Іслачы. Ад тае хаты, у якой нараджаліся Марцінкевічавы творы, дзе сустракаліся Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Плуг, Канстанцін Кжыжаноўскі ды іншыя сябры і добрыя знаёмыя гаспадара фальварка, што ўтварылі люцінскі літаратурна-театральны гурток, анічога не засталося. У 1901 годзе старэнькі Марцінкевічаў дом згарэў. Новы дом, пабудаваны дзецьмі пісьменніка, знесены ў 1947 годзе.

Зараз на месцы дома — мемарыяльны знак, што з’явіўся тут у 1986 годзе. З цягам часу не стала саду, дэкаратыўных кустоў... Апошнім сведкам колішняй сядзібы і яе гаспадара даволі доўга заставалася легендарная старая ліпа, «уласнаю пасаджаная рукою», пад якой, паводле сямейнага падання, быў напісаны ў 1866 годзе самы знакаміты твор Дуніна-Марцінкевіча — камедыя, ці фарс-вадэвіль, «Пінская шляхта».

Амаль што дэтэктыўная гісторыя стварэння гэтага твора праяснілася толькі ў апошнія гады. Вельмі доўгім — больш за паўстагоддзя — быў шлях камедыі да чытача. Бязлітасным — яе смех з тагачаснай рэчаіснасці. А ў якіх найцяжейшых абставінах — пасля арышту, пасля высылкі любай дачкі Камілы на Урал, у Салікамск, пасля вялізнага штрафу, якім быў абкладзены хворы, пазбаўлены верных сяброў пісьменнік, — ён, жывучы ў поўнай нястачы, амаль галечы, пад пільным наглядам паліцыі, тым не менш зноў узяўся за пяро! Усё гэтае не можа не выклікаць здзіўлення і шчырай павагі да моцнай сілы волі і непераадольнай мужнасці аўтара твора, якому — і аўтару, і твору адначасна — наканавана неўміручасць...

З 2008 года, калі 200-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры было ўключанае ў Каляндар знамянальных дат ЮНЕСКА, «Пінская шляхта» пачала размаўляць з чытачамі і гледачамі адразу на некалькіх замежных мовах — рускай, польскай, англійскай, нямецкай, пераклады на якія былі зроблены з аўтэнтыка, уведзенага ў навуковы ўжытак у сярэдзіне 1980-х гадоў. Неўзабаве, 18 студзеня, бліскучая камедыя ў чарговы раз ажыла на сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску!



…Вузенькая асфальтаваная дарога ад люцінскага пагорка вядзе падарожніка, сярод найцудоўнейшых краявідаў Налібоцкай пушчы, да вёскі Падневічы, што ляжыць пры старым гасцінцы з Ракава на Івянец. Блізу яе калісьці стаяў засценак Тупальшчына. Ягоная назва пазней перайшла да прыдарожных могілак з капліцай, пабудаванай гаспадарамі Тупальшчыны — Жаброўскімі. Тут і спачывае чалавек, слушна названы літаратуразнаўцам Язэпам Янушкевічам «Патрыярхам з Малой Люцінкі». Перад капліцай з 1977 года стаіць помнік ля магілы, у якой пахаваны сам «Дудар», ягоная другая жонка Марыя Паўлаўна і малодшая дачка Цэзарына... Спакой і цішыня атуляюць гэтую маляўнічую мясціну...



Шмат адрасоў Дуніна-Марцінкевіча і ў Мінску. Менавіта ў губернскім Мінску, у суботу 9 лютага 1852 года, спраўдзілася мара Марцінкевіча: разам са Станіславам Манюшкам ён паставіў першую ў гісторыі беларускай культуры камічную оперу — яна стала ластаўкай у беларускім прафесійным тэатральным мастацтве. А яе аўтар, у бліскуча выкананай ім ролі войта Навума Прыгаворкі, набыў для сябе назаўжды гэтае новае імя, якое яму вельмі імпанавала! Упершыню на мінскай гарадской сцэне гучала беларуская мова. Жывая. Народная. Паўторныя пастаноўкі ладзіліся ўжо тайна, у прыватных дамах у Мінску, Глуску, Бабруйску, Нясвіжы...

І хаця «дом Поляка», дзе адбылася прэм’ера «Сялянкі», не існуе — ён зруйнаваны ў 1984 годзе, а на ягоным месцы зараз красуецца новапабудаваны гатэль «Еўропа», — усё роўна мінчукі могуць ганарыцца падзеяй, што амаль 167 год таму адбылася тут дзякуючы намаганням стваральнікаў оперы, помнік якім пастаўлены ў 2016 годзе ў скверы на плошчы Свабоды.



Сапраўды велічная постаць В. Дуніна-Марцінкевіча паўстае ў часе — з цягам стагоддзяў. І мо дачакаемся мы яшчэ той шчаслівай хвіліны, калі і на люцінскім пагорку ў рэшце рэшт акрэсляцца абрысы колішняй сядзібы Марцінкевічаў ды з’явіцца гожы помнік гаваркому Навуму Прыгаворку…