9 красавіка разам с грамадскай арганізацыяй “Адпачынак у вёсцы” мы пазнаёміліся з сядзібамі кластэра “Наваколле”. Усе яны знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці. Сяргей Быцкевіч стаў часткай каманды на гэты дзень — разам з кіраўніком арганізацыі "Адпачынак ў весцы" Валерыяй Кліцуновай, журналістамі. Першай была сядзіба “Студзінка”, што ў Кобрынскім раёне. Турыстаў тут чакаюць экзатычныя птушкі і жывёлы: качкі мандарынкі, дзікія шэрыя гусі, тульскія байцоўскія гусі, французскія індыкі, які, маралы, вярблюды, алені… Наступным прыпынкам стала сядзіба “Польскі маёнтак”, што ў Камянецкім раёне на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Тут раскажуць гасцям, як жылі і жывуць людзі ў пушчы, якія карысныя травы можна збіраць і дзеля чаго выкарыстоўваць, якія грыбы можна ўжываць у ежу… На ускрайку Белавежскай пушчы ў Пружанскім раёне стаіць вёска Стойлы. Сёння яна вядома дзякуючы адзінаму зарэгістраванаму ў ёй жыхару — Ларысе Быцко. Гэтая апантаная жанчына з’яўляецца гаспадыняй сядзібы “Стулы”, дзе яна папулярызуе імя “беларускага Пірасмані”, рэзчыка па дрэве Міколы Тарасюка. Спадарыня Ларыса правяла нас і ў музей, які стварыў Мікола Тарасюк. Тут цэлы сусвет вясковага чалавека, яго філасофія жыцця. Пра “драўляны народ”, які пасяліў дзед у музеі “Успаміны Бацькаўшчыны”, можна слухаць бясконца. Побач з домам Міколы Тарасюка знаходзіцца сама сядзіба “Стулы” гаспадароў Ларысы і Аляксандра Быцко. Тут прымаюць з вясковай гасціннасцю і адкрытасцю. Ларыса і Аляксандр творчыя людзі. На сядзібе яны стварылі батлейку, дзе паказваюць некалькі спектакляў. Тут пазнаёмяць і з творамі таленавітых майстроў і мастакоў. Нам пашчасціла назіраць выцінанкі народнага майстра Святланы Вяль. Тут утульна, пазнавальна і адчуваецца любоў.