Спасцiгаючы таямнiцы Бацькаўшчыны... Вясна — чароўная пара года, час, калi прырода красуе зелянiнай, свежасцю і маладосцю. Час, якi вабіць кранальнай пяшчотай хараства і лірычным настроем. Красуня вясна адорвае каханнем і ўзнёсласцю, натхненнем і аптымізмам, абуджае веру, надзеі і спадзяванні на лепшае ў жыцці. Непаўторная прыгажосць пачатку красавіка адчуваецца ва ўсім: і ў ранішніх сонечных праменьчыках — падлетках, і ў чысціні горада, і ў прыязнай усмешцы экскурсавода, і ў прыўзнятым настроі турыстаў. Тураператар ВІАПОЛЬ стварае магчымасць — у адзін дзень! — здзейсніць не адно, а нават цэлыя два паўнаважкія падарожжы. І таму хтосьці накіраваўся па маршруце МІР-НЯСВІЖ , а мы выбралі БЕЛАРУСКУЮ МАЗАІКУ. Сонечны ВІЛЕНСКІ ШЛЯХ праз кіламетры, праз гісторыю, праз жыццё, паўз узгоркі і лагчыны, лясы, пералескі і пацеркі азёр імгненна праляцеў лебядзіным пёркам. Вось мы і ў ЗАЛЕССІ… Паўночныя Афіны… Дваццаць год жыцця. Ціша, спакой, лагоднасць — і адначасова імкненне, пошук, мары МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА. Ёсць у кожнага народа такія выдатныя постаці, якія не могуць не прыцягваць, не хваляваць, не пакідаюць абыякавымі. Прыемна, калі гасцінна сустракаюць. Перагортваем старонку вандроўкі… СМАРГОНЬ. Першая сусветная вайна ў кагосьці забрала жыццё, іншых знявечыла і скалечыла, пакінула свае крывавыя сляды паўсюль. Горкім адбіткам у кожным куточку роднай зямлі паўстаюць сімвалы– помнікі, сімвалы-камяні. Увесь час мяне турбуе, не дае супакоіцца пытанне: як супрацьстаяць злу ў яго ўніверсальна- класічным абліччы?! Як сусвету даць права на існаванне, на жыццё?! -- Хто памятае пах фасгену? -- Хто памятае, той ужо не скажа. Каб зразумець наколькі вялікі і прыгожы касцёл Святой Тройцы ў ГЕРВЯТАХ, трэба там пабываць самому. Яго вышыня складае ажно 64 метры! Безумоўна, з экскурсаводам нам пашанцавала. “Прыгожы ды страйны” спадар Яраш — бліскучы апавядальнік, выдатны знаўца роднай зямлі і мовы (мы ахвотна вывучылі яскравае слова разынкі), дасціпны жартаўнік, абаяльны чалавек — умее ВІАПОЛЬ знаходзіць лепшых! — працягвае здзіўляць і зачароўваць, дапамагаючы турыстам спасцігаць старонкі нязведанага. Падманнае красавіцкае надвор’е змянілася. Непрыметна хмаркі зацягнулі блакітны плёс нябёс, зацерусіў дожджык. Велічна і прыгожа магутны дуб, які шмат пабачыў за свой век, жыццясцвярджальна — не правядзеш волата!- зусім не па-старэчы галінамі-думкамі імкнецца ў вышыню, туды, дзе схавалася сонца. І мы, натхнёныя аповедам спадара Яраша, зачараваныя прыгажосцю боскіх храмаў і наваколля , сцішаныя роздумам пра лёс краіны і людзей, з’яднаныя нечым няўлоўным, як тыя галіны-думкі, упэўнена зазначаем для сябе: падарожжа, як і само жыццё — вялікі дар! P.S. Дзялюся толькі ўласнымі ўражаннямі. Пра шматлікія помнікі, храмы, мястэчкі, краявіды прамаўчу: вырашыла захаваць інтрыгу пазнання ў час падарожжа, якое, спадзяюся, у хуткім часе вы здзейсніце
Комментарий "Виаполя": Зборная экскурсія 14 красавіка 2016 г. "Беларуская мазаіка" па маршруце Залессе - Смаргонь - Солы - Астравец - Гервяты. Менеджэр тура Святлана Іоська, Вераніка Луня. Экскурсавод Яраш Малішэўскі