RU
Главная / Блог о путешествиях
7 декабря 2022 г.
Автор: Татьяна Яцкевич
Фото: Виаполь
Даўней для кожнага беларуса яго ўласная хата была цэлым сусветам і кожны куточак яе, у тым ліку і столь, меў сваё сакральнае значэнне.
Саламяны павук у Музеі народнага мастацтва ў Раубічах

У вершы Віктара Шніпа, прысвечаным беларускай хаце, ёсць такаія радкі:
столь гэта наша тутэйшае неба
пад якім нам светла і сумна
столь гэта наша доля
і ў кожнага яна свая


Але гэтую долю можна было палепшыць пры дапамозе саламянага павука! Збіралі яго напярэдадні Калядаў дзеці пад кіраўніцтвам дарослых (звычайна, маці), і вешалі пад столлю на покуці — самым пачэсным месцы! Павук забяспечваў шчасце і дабрабыт сям’і. Напрацягу года ён быў своеасаблівым абярэгам, які збіраў у сваё “павуцінне” усё дрэннае, як “лаўцы сноў” у індзейцаў. “Павучынае жыццё” было кароткім. Праз год, перад Калядамі старога павука з ўсім сабраным негатывам спальвалі, і рабілі новага.
Саламяны павук у Музеі народнай архітэктуры і побыту

Пэўнага стардарту пляцення, як і ўпрыгожвання павука, не было. Ён мог мець пірамідальную форму ці рамбічную. Часам яго аздаблялі высушанымі кветкамі, пацеркамі, каляровымі анучкамі.
Упрыгожаны саламяны павук ў Музеі народнага мастацтва ў Раубічах

Самая вялікая калекцыя павукоў у Беларусі (больш за сто!) знаходзіцца ў Быхаве. Традыцыя іх вырабу тут добра захавалася і ў 2017 годзе была ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Адраджэннем мастацтва вырабу саламяных павукоў займаюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. З 2007 года раз на тры гады праходзіць рэгіянальнае свята-конкурс “Саламяны павук”.
Аўтар артыкулу Таццяна Яцкевіч ў Дудутках

Саламяных павукоў можна пабачыць у самых розных музеях Беларусі, у тым ліку ў Музейным комплексе старадаўніх народных раместваў і тэхналогій “Дудуткі”. Тут працуюць майстры Валянціна Курылёнак і Валянціна Удодава. А саламяныя вырабы — у тым ліку павукі — упрыгожваюць многія майстэрні гэтага цікавага музея.
Майстрыха Валянціна Курылёнак у Музеі матэрыяльнай культуры "Дудуткі"


Майстрыха Валянціна Удодава, Дудуткі

У пякарні ў Дудутках

Саламяныя павукі упрыгожваюць пакоі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, гісторыка-культурным комплексе НП “Прыпяцкі” Музей пад адкрытым небам.
У музеі Нацыянальнага парку "Прыпяцкі"

А яшчэ можна паспрабаваць зрабіць традыцыяй у сям’і збіранне павука перад Калядамі. І нагода для гэтага ёсць — традыцыя беларускага саломапляцення ў гэтым годзе ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. І дакладна варта ў гэтым годзе ўпрыгожыць хатнюю ялінку саламянымі цацкамі. Залатая саломка на зялёнай ялінцы глядзіцца вельмі прыгожа і святочна!
Ялінка з цацкамі з саломкі — у Дудутках. Зробім і мы так?