RU
Главная / Блог о путешествиях
13 мая 2018 г.
Автор: Анатолий Варавва
Фото: Виаполь
Пра гэтую выставу ў Мінску (пл. Свабоды, 15) ужо паведамлялася на сайце «Віаполя». «Правінцыя» — так сціпла, але ж і з «хітрым» падтэкстам назваў сваю выставу знакаміты беларускі мастак Кастусь Качан, які з такім замілаваннем і захапленнем шмат год працуе ў жанрах сельскага і архітэктурнага пейзажа, а таксама нацюрморта. Экспазіцыя (а гэта дзесяткі вялікіх і малых карцін) дае глыбокае ўяўленне аб сваеасаблівай манеры жівапіснага пісьма К. Качана, які запрашае свайго гледача ў цудоўны свет малых паселішчаў: вёсачак, хутароў, былых фальваркаў ды мястэчак.

На адкрыцці выставы Кастуся Качана

Некаторыя з тых мястэчак за савецкім часам зрабіліся райцэнтрамі, набылі адміністрацыйную вагу ды тую-сюю пыху, але ж тым не менш часцей за ўсё захавалі дасюль тую непаўторную атмасферу, якая і перадаецца ёмістым словам «правінцыя» — у самым найлепшым сэнсе гэтага слова. Спакойная разважлівасць, нетаропкі рытм жыцця, знаёмыя твары знаёмых людзей на вуліцах, прывітанні адзін аднаго, кароткія, а то і працяглыя размовы пра жыццё-быццё, пра мясцовыя навіны пры выпадковых сустрэчах і г.д., і г.д. Адным словам, правінцыя як яна ёсьць, якой яна яшчэ застаецца, жывучы спрадвеку побач з вялікімі гарадамі, што сталі з цягам часу абласнымі цэнтрамі або, як Мінск, сталіцай краіны.

Такой жа сталіцай быў калісьці і горад «караля Літвы» Міндоўга — колішні Наваградак, сённяшні Навагрудак. Па ягонай Замкавай гары дасёння блукаюць цені мінулага і постаці знакамітасцей. І менавіта на гэтую гару глядзіць штодня сваімі вокнамі майстэрня і адначасова тамтэйшая галерэя Кастуся Качана. Ёсць у гэтым спалучэнні, з аднаго боку, нейкая містыка, а з другога — заканамернасць! Мастак нездарма абраў гэтае месца для сваёй творчасці — яно вабіць, натхняе, нараджае асацыяцыі і алюзіі, якія і ператвараюцца пад ягоным пэндзлем у творы жывапісу, пранікнутыя гістарычнымі ўспамінамі і знакавымі вобразамі…

Наваградак. Карцінная галерэя Кастуся Качана — дарэчы, збуданавая мастаком на ўласныя грошы

Вось трапіла на мае вочы, сярод іншага на выставе, маленечкая замалёўка пакручастай вулкі 1 Мая, што збягае наўпрост ад дома Кастуся Качана да стромкага Фарнага касцёла… Некалькімі яркімі мазкамі, здаецца — але ж толькі здаецца! — імгненна, мастак стварае мініяцюру, ад якой цяжка адвесці позірк, — настолькі яна і нешматслоўная, і напоўненая гістарычным зместам. Бо колькі ж значных падзей адбылося ў гэтым кутку — у Фары, на якую пазіраюць з Замкавай гары ацалелыя часткі дзвюх вежаў былой грознай Навагрудскай цытадэлі!..

Гарадкі, мястэчкі, вёскі на карцінах Кастуся Качана

Вечаровыя і раннішнія настроі прыроды, вясковыя краявіды, дываны, сатканыя з залатога восеньскага лістоўя, рачулкі і сажалкі старажытных паркаў, драўляныя і каменныя цэркаўкі і касцёлы, постаці людзей, што пакідаюць храм пасля імшы, самотная, па-філасофску абагульненая фігура ўдаўца, што рухаецца ў нейкую далечыню часу і прасторы… А яшчэ чароўныя нацюрморты з бэзам і язмінам, з велікоднымі прысмакамі…

Некалькі разоў абыйшоў я выставу і знайшоў у цэнтры фатэль, на які прысеў, каб пабачыць гэтую казачную мазаіку краявідаў правінцыі ужо не зблізу, а здалёк, з цэнтра, у руху… Незабыўнае ўражанне, хваляванне і асалода разам ахапілі мяне! Менавіта гэтага пазла бракавала, каб карціна набыла канчатковую завершанасць…

Пры наведванні турыстамі — гучыць музыка

Застаецца толькі шчыра падзякаваць мастаку, народжанаму зямлёй Наваградскай (Кастусь родам са знакамітага сваім старажытным — ад ХІІІ стагоддзя — манастыром Лаўрышава, што месціцца ў 30 км ад колішняй каралеўскай сталіцы Наваградка), за тую «песню песней», што ён прапеў сваёй Правінцыі, якая з ягоных твораў паўстае нібыта парафраз Міцкевічавай паэмы «Пан Тадэвуш». Паэзія ў фарбах…

NB! Выстава заканчваецца ў Мінску 20 мая. Засталося толькі пяць дзён на наступным тыдні, каб пабачыць яе і пакінуць свой водгук шчырай удзячнасці мастаку, што зрабіў і аўтар гэтага допіса, з радасцю далучыўшыся да дзесяткаў пажаданняў Кастусю Качану ад іншых наведвальнікаў «Правінцыі».

Дарэчы, для тых, хто па нейкіх прычынах не паспее на выставу: творы мастака можна пабачыць у ягонай майстэрні-галерэі падчас віаполеўскай экскурсіі «Дарогай замкаў» https://viapol.by/assembly/7.2.htm. І не толькі пабачыць, але і атрымаць паштоўку з аўтографам мастака!