ПРАГРАМА
| Зноўку едзем з Глебам Лабадзенкам labadzenka.by — вядомым блогерам, журналістам, паэтам, даследчыкам радзівілаўскіх фатаграфій і выкладчыкам курсаў беларускай мовы "Мова Нанова", аўтарам цудоўнай кнігі моўных малюнкаў "Дзіцячая заМова", а цяпер яшчэ і другой часткі ўлюбёнага бестселера. Тэматыка блогу Глеба Лабадзенка — Беларусь, беларуская мова, культура, мастацтва, гісторыя, архітэктура, літаратура, сацыяльная сфэра.
Пачнем нашу экскурсію з аб'екта, які знаходзіцца амаль за 200 км ад Мінска — ЖЫЛІЦКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ. Выкананы ў класічным стылі вялізны (адзін з самых вялікіх у Беларусі!) палац Булгакаў (вядомы яшчэ як сядзіба "Добасна"), у асяроддзі пейзажнага парку з экзатычнымі пародамі дрэваў, з'яўляецца яскравым прыкладам сядзібавай архітэктуры Беларусі XVIII-XIX стст.
Далей наш шлях паверне на РАГАЧОЎ. Менавіта з беларускага Падняпроўя, у тым ліку з Рагачова, паходзілі продкі Уладзіміра Караткевіча — беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры, які першы з беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Сёння рэдкая экскурсія завітае ў гэты куток роднае замлі, але удзельнікам нашае вандроўкі пашанцуе, мы зможам наведаць тыя мясціны з якімі неразрыўна былі з'вязаныя жыццё і дзейнасць "Рыцара і слугі Беларусі". Тут, у Рагачове, захавалася дзедаўская хата Уладзіміра Караткевіча 1914 года пабудовы. У ёй і цяпер жывуць сваякі пісьменніка. Каля хаты некалькі год таму быў усталяваны памятны валун, а сама вуліца атрымала імя Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ б! У гэтай хаце пісьменнік стварыў ці не палову сваіх твораў. Пасля агляду хаты на мясцовых могілкам паклонімся магіле Людмілы Антонаўны Барысевіч, бабулі класіка. Пяць гадоў таму на яе магіле быў адкрыты новы помнік, усталяваны коштам прыхільнікаў творчасці Караткевіча
Рухаючыся ў бок Бабруйску, за чатыры кіламетры ад мяжы з Бабруйскім раёнам павернем у КРАСНЫ БЕРАГ — былую сядзібу генерал-лейтэнанта Гатоўскага, за часам якога тут у канцы XIX ст. быў пабудаваны палац з рысамі неаготыкі і неарэнесансу. Выразнасць палацу наюць шатры вежаў, мансардныя дахі, эркеры, востравугольныя шыпцы, слухавыя вокны… Фасад палаца аздоблены… ляпнымі кажанамі! У 2015 годзе абылося адкрыццё сядзібы пасля амаль 10-гадовай рэстаўрацыі. Адметнай асаблівасцю ансамблю з'яўляецца яго афармленне, кожная зала выкананая ў асаблівым стылі. Мноства стыляў, пачынаючы з неаготыкі і заканчваючы ўсходнім стылем, надаюць гэтаму новаму музею прыгажосць і вытанчанасць. Англійскі парк вакол палаца, скрозь прыбраны сцежкамі для шпацыру, — цудоўнае месца для адпачынку.
Нарэшце — БАБРУЙСК. Бабруйск на сённяшні дзень набыў славу самага супярэчлівага горада краіны… Ён уваходзіць у лік десяці буйнейшых гарадоў Беларусі. Яму больш за шасцьсот гадоў. Ён быў і цэнтрам воласці ў ВКЛ, і павету ў складзе Расійскай імперыі, і акругі ў 20 гг. XX ст., і раёну Магілёўскай вобласці. Сёння на месцы былога Бабруйскага замчышча ганарліва уздымае свае вочы (вокны-байніцы) у неба над Бярэзінай старая крэпасць. Яна размесцілася тут у пачатку ХIX ст.. Бабруйская крэпасць, якая ў 1812 г. вытрымала чатырохмесяцовую асаду, была самай грознай турмой для дзекабрыстаў… Сёння набыла выгляд старой жанчыны, патрапанай дзе гісторыяй, дзе палітыкай, а дзе і ліхалеццямі самае гісторыі краіны; але жанчыны, якая не скарылася абставінам часу і прагне далейшага жыцця… Аблічча старога цэнтра горада сёння фармуе мазаіка малапавярховай забудовы XIX ст., сярод якой яскрава вылучаюцца Свята-Георгіеўская царква (1907), вядомая ўсім жыхарам горада як Белая царква; Свята-Нікалаеўскі сабор, гісторыя якога пачалася чатыры стагоддзі таму; касцёл Беззаганнага зачацця, падобнага якому наўрад ці знойдзеш у свеце, пры ўсёй прастаце яго убрання і стылю…
Вяртанне ў Мінск не раней за 22.00. |
|
Парады вандроўнікам:
• прапануем узяць кішэнны ліхтарык — старая крэпасць утойвае скарбы і загадкі ў цемры сваіх равелінаў і капаніраў
• прапануем абуць зручны абутак без абцасаў — крэпасць на Бярэзіне не даруе бестурботнасці
• прапануем прыгатаваць ежу з сабой — пад час такой насычанай вандроўкі, нажаль, не будзе часу наведаць кавярню альбо рэстарацыю
Кошт экскурсіі ўключае:
• аўтобус туркласа
• экскурсійнае абслугоўванне
• кава, гарбата
• фірмовыя сувеніры
За дадатковую аплату:
• квіткі і экскурсійнае абслугоўванне ў Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі
• квіткі і экскурсійнае абслугоўванне ў палацава-паркавым ансамблі Красны Бераг
| Працягласць экскурсіі — 500 км, 14 гадзiн
| |
|