Славутыя асобы Беларусі — знаўцы гісторыі, культуры, архітэктуры, літаратуры, яны ж акцёры і заўзятыя вандроўнiкi, фотамастакі і аўтары нашумелых бэстселераў — раскажуць Вам пра тое, чаму яны прысвяцілі свае даследаванні, чаму аддалі сваё сэрца, часам — нават ўсё жыццё... Гэта не традыцыйная экскурсія, а — Бенефіс Знаўцы. Скарочана — "БЗ", а калі па першых літарах, то бэ-зэ . Так-так, калі заўгодна, хоць і насуперак арфаграфіі, але па сэнсе — лёгкае пірожнае, згатаванае рукою сапраўднага майстра як твор мастацтва! Экскурсія — дэсерт!
|
| | |
|
ПРАГРАМА
| Едзем з Ярашам Малішэўскім — нашым таленавітым экскурсаводам, гісторыкам, даследчыкам і папулізатарам гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі. Едзем у Вілейскі край. Насычанасць рэгіёна, што непарыўна знітаваны з галоўнай тутэйшай воднай артэрыяй — ракой Віліяй, разнастайнымі помнікамі — прыроднымі, архітэктурнымі, памятнымі, робіць гэты куточак на памежжы Міншчыны і Віцебшчыны сапраўды непаўторным, запамінальным і арыгінальным.
Пачынаецца ўжо "нетранзітнае" знаёмства з Вілейшчынай з вёскі АЛЬКОВІЧЫ, дзе падарожнікі сустракае галоўная тамтэйшая дамінанта — стромкі спічак касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. З'явіўся гэты яскравы неагатычны храм напачатку ХХ стагоддзя і за апошнія сто гадоў паспеў быць зліквідаваным савецкай уладай, і ператварыцца ў збожжасховішча, і пацярпець ад пажару і зноўку вярнуцца да людзей у якасці бажніцы. Увесь набор — звонку, і ўнутры, прыкметаў неаготыкі прсутнічае тут напоўніцу, нібы ў энцыклапедыі, што разгарнецца перад наведнікам. А невялічкі, але дужа каларытны музей ручнікоў, што сабраў тамтэйшы святар, нікога не пакідае абыякавым.
На правым беразе Віліі, на мяжы Вялейскага і Лагойскага раёнаў, месціцца старажытная вёска КАМЕНА. І тут, на падворку сялянскай сядзібы, знаходзіцца найгалоўная славутасць сяла — Варацішын крыж, альбо Камень-звон. Менавіта гэтак здавён называюць гэты грандыёзны валун, што на два метры ўзвышаецца над зямлёй. А ўжо колькі хаваецца пад зямлёю — можна толькі здагадвацца. Але самае цікавае ў гэтым помніку прыроды, які паспеў некалі пабываць паганскай святыняй-ахвярнікам, выбітыя на ім крыж і словы, што дазваляе залічаць многім навукоўцам яго ў лік знакамітых Барысавых камянёў, надпісы на якіх з'явіліся яшчэ ажно ў ХІІ стагоддзі. А непадалёк — помнік экспэдыцыі руплівага даследніка гэтай зямлі, графа Тышкевіча, што адбылася ў 1857-м.
Перад падарожнікамі адкрываецца велічная панарама найбуйнейшага рукатворнага вадаёма нашае краіны — Вілейскага вадасховішча. У вёсцы КАСУТА ля муроў тутэйшых бажніцаў пабачым помны знак, прысвечаны выбітнаму дзяржаўнаму дзеяу Украіны, гетману і аўтару яе першай Канстытуцыі Піліпу Орліку, што нарадзіўся тут у 1672 годзе.
Пасля АБЕДУ (за дадатковую плату) ў тутэйшай сталіцы, горадзе ВІЛЕЙЦЫ, вандроўнікі праяжджаюць праз вёску КАСЦЯНЕВІЧЫ. Мясцовы касцёл памятае багата цікавага, у тым ліку і ахрышчаных тут Ігнація Ходзьку і Эдварда Жалігоўскага.
Упершыню вёска КНЯГІНІН, тады — Княгінь, згадваецца яшчэ ў 15 стагоддзі. У 1772 годзе тут збудавалі драўляную ўніяцкую царкву святой Тройцы, якая захавалася дасёння на колішнім рынкавым пляцы, захаваўшы збольшага і выгляд тых часоў. Калі вёска ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Падчас Першай сусветнай вайны ў Княгігіне знаходзіўся вайсковы шпіталь. На тутэйшых могілках пахаваныя каля двух з паловай тысячаў жаўнераў расійскай арміі, што загінулі падчас Нарачанскай вайсковай аперацыі 1916 года.
Назва мястэчка КРЫВІЧЫ нагадвае пра тыя далёкія часы тысячагадовай даўніны, калі славяне засялялі гэтыя, тады балцкія абшары. А колькі славутых імёнаў знітаваных з Крывічамі! Аднаму з гэтых знаных асобаў — Яну Ходзьку нават усталяваны помнік ў алтары тутэйшага касцёла святога Андрэя. Кішкі, Ходзькі, Любанскія, Швыкоўскія… 1776 годзе паводле прывілею вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага Крывічы атрымалі статус мястэчка. А ў наступным годзе паводле фундацыі ўладальніка мястэчка Андрэя Укольскага ў Крывічах з'явіўся мураваны комплекс кляштара трынітарыяў. Звонку касцёл нагадвае сярэднявечную пабудову з магутнымі ды суворымі мурамі. А інтэр'ер уражвае багаццем і насычанасцю. У Крывічах можна пабачыць і местачковую забудову, і фрагменты сядзібы Швыкоўскіх, і Траецкую царкву ў псеўдарускім стылі.
Дарога прыводзіць вандроўніка на Віцебшчыну. Тут, на тэрыторыі Докшыцкага раёну, ён трапляе ў мястэчка пад знакавай для Беларусі назвай — ВАЎКАЛАТА. Пра ваўкалакаў — адных з найбольш каларытных персанажаў беларускага фальклору ў нас апавядаюць казкі і паданні, песні ды прымаўкі… А які прыгожы тутака неабарокавы касцёл Яна Хрысціцеля 1893 г.! Як почасту бывае, на гэтым месцы здавён існавалі бажніцы, ад якіх у "спадчыну" засталіся старасвецкія разьба, абразы, сярод якіх ікона Маці Божай 1667 года. Сцены храма, складзеныя з камяняў — сапраўдная мазаіка, дзе ніводзін фрагмент не паўтараецца. У часы ваяўнічага атэізму бажніца не была зачыненая — пра гэта ёсць надта цікавая гісторыя…
СІТЦЫ альбо Вялікія Сітцы — апошняя кропка падарожжа. Саковічы, Радзівілы, Хадкевічы, Брастоўскія — і гэта яшчэ няпоўны спіс колішніх уладальнікаў. Існаваў тут ў 17 стагоддзі і невялікі замак. На змену згарэламу палацу, ад якога сёння захаваліся велічныя калоны, знакаміты род Дамейкаў ў палове 19 стагоддзя ўзводзіць новы палацава-паркавы комплекс. Захаваўся ён фрагмэнтарна. Брамы, рэшткі лямуса, цяплярні-аранжарэі, гаспадарчых пабудоваў, часткі парку, дзе можна пабачыць унікальны 500-гадовы батанічны помнік прыроды — Сітцаўскі дуб-волат, пад якім, паводле падання адпачываў Тадэуш Касцюшка… Ацалела тут і царква святога Юрыя, што з'явілася тут напачаткуХХ стагоддзя на месцы старой драўлянай. |
|
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
|
Кошт экскурсіі для 1 чал.
|
75
|
101
|
120
|
|
|
|
У кошт экскурсіі ўваходзіць:
• Праезд аўтобусом туркласа
• Экскурсія на маршруце
• Наведванне храмаў
• Знаёмства з фрагментамі сядзібы ў Сітцах
• Агляд валуна "Варацішын крыж" у Камена
• Фірмовы сувенір
Дадатковая аплата:
• Абед
Працягласць экскурсіі: 270 км, 11 гадзін
|
Месца пачатку экскурсіі: ад Вашай арганізацыі (ці пазначце іншае месца) Месца заканчэння: па Вашым запыце
| |
|
|