RU
Па Старавіленскім гасцінцы
Марш­рут 3.13: Заслаўе — Вя­зын­ка — Ракуцёўшчына — Маладзечна
Старавіленскі гасцінец… У даўнія ча­сы гэта бы­ла адна з са­мых ажыўленых магістраляў нашага краю. Уздоўж яе размяшчаліся мястэчкі і вёскі, шляхецкія сядзібы, паштовыя станцыі і карчмы. На працягу стагоддзяў тысячы падарожнікаў хто пешшу, хто верхам, хто ў карэце адольвалі вярсту за вёрстай. Але кожнаму дарога давала магчымасць пазнаёміцца з прыгажосцю прыроды, нацыянальнай культурай, людзьмі гэтага краю. Запрашаем і Вас на гэты гасцінец…
ПРАГРАМА
Стары ўтульны Заслаўе — адзін з са­мых старажытных гарадоў Беларусі, яму больш за 1000 гадоў. Пра падзеі, якія папярэднічалі яго з'яўленню, апавядаюць восем старажытных летапісных збораў! Падчас ЭКСКУРСІІ ПА ГОРАДЗЕ пазнаёмімся з яго старажытнай гісторыяй. З Заслаўем звязаны імёны многіх выдатных людзей бе­ла­рус­кай (і не толькі!) гісторыі — полацкая князёўна Рагнеда, вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаславіч, полацкі князь Ізяслаў. Бронзавую постаць кня­зя Ізяслава мы ўбачым на цэнтральнай плошчы горада. Шматвяковая мінуўшчына прадстаўлена тут помнікамі гісторыі, археалогіі і архітэктуры: здалёк віднеецца велічная вежа СПАСА-ПРААБРАЖЭНСКАЙ ЦАРКВЫ — найбольш выразнага з помнікаў абаронна-культавай архітэктуры Рэнесансу Беларусі. Першапачаткова храм быў узведзены як кальвінскі збор у 2-й палове XVI стагоддзя пасярод умацаванага бастыённага зам­ка. Замак не захаваўся, але магутныя яго ва­лы вакол хра­ма ўражваюць сваёй моцай. На Рынкавай плошчы Заслаўя ўбачым і каталіцкі храм — прыгожы касцёл Раства Дзевы Марыі, пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1774 г.

Усплёск цікавасці да горада ў апошні час звязаны з но­вым мілым му­зе­ем, прысвечаным маляваным дыванам. Народнае мастацтва маляваных дываноў ці "маляванак" характэрна для многіх на­ро­даў, яны былі неад'емнай часткай народнага жылля. У на­шу экскурсію ўваходзіць наведванне МУЗЕЯ МАЛЯВАНКІ, дзе ўбачым калекцыю маляваных дываноў народнай мастачкі АЛЕНЫ КІШ. Яе дываны арыгінальныя па сюжэтах, не маюць аналагаў у беларускім народным мастацтве. Яе імя згадваецца ў "Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва", дзе прадстаўлена інфармацыя пра 800 са­мых вядомых сусветных мастакоў-прымітывістаў. Творчая спадчына Алены Кіш адносіцца да лепшых узораў творчага самавыяўлення беларускага на­ро­да. У музеі ўбачым таксама дываны прафесійнага мастака ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА, якія з'яўляюцца прыкладам мастацкага сінтэзу народнага і прафесійнага мастацтва.

Далей едзем да месца нараджэння беларускага пес­ня­ра Янкі Ку­па­лы — у ВЯЗЫНКУ. Пабачыўшы краявіды Вязынкі разумееш, чаму Ясь Луцэвіч па­чаў пісаць вершы. Маляўнічая рэчка, адлюстраванне дрэў у вадзе, узгорыстыя і лясістыя ваколіцы з'яўляюцца прыроднай экспазіцыяй паэтычнага гісторыка-культурнага ландшафту… На плошчы ў 21 га знаходзяцца каларытныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы з прадметамі побыту, малыя архітэктурныя фор­мы, жывапісныя пейзажы, якія нібы­та сышлі са старонак твораў паэта. Тут усё дыхае паэзіяй! Наведванне МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ. У сенцах і пакоі, дзе жыла сям'я Луцэвічаў узноўлены тагачасны інтэр'ер. Атмасферу даўняга побыту ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, сабраныя ў ваколіцах Вязынкі. Кожны экспазіцыйны ком­плекс суправаджаецца паэтычнымі радкамі Янкі Ку­па­лы і фрагментамі яго аўтабіяграфічных лістоў. Пасля экскурсіі запрашаем на "ВЯЧОРКІ" — даўні звычай, які так любіў Ян­ка Ку­па­ла. Вы зможаце паўдзельнічаць у на­род­ных гульнях, пачаставацца тра­вя­ной гарбатай…

ФАЛЬВАРАК РАКУЦЁЎШЧЫНА — былая сядзіба У. Лычкоўскай. Улетку 1911 гады тут спыняўся паэт Максім Багдановіч; тут ён напісаў два цыклы вершаў і дзве паэмы "У вёсцы" і "Вераніка". У 1977 годзе ў Ракуцёўшчыне былі ўсталяваныя два валуны з памятнымі надпісамі, пазней беларускімі пісьменнікамі быў пасаджаны мемарыяльны "Максімаў сад" — больш за 70 дрэў. А зараз тут працуе МУЗЕЙ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА. У му­зей­ным ком­плек­се адноўлена планіроўка сядзібы дробнапамеснага шляхціца канца XIX стагоддзя. Спачатку наведаем ДОМІК АРАНДАТАРА, дзе ўлетку 1911 г. жыў М.Багдановіч. У гэтым до­ме, дзе, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася, экспанаты распавядаюць пра адзін з са­мых творча насычаных перыядаў жыцця паэта! У ДОМЕ ГАСПАДАРА ўзноўлены інтэр'еры гасцёўні, кухні, дзіцячага пакою. Для адлюстравання тагачаснага жыцця выкарыстаны аутэнтычныя прадметы мэблі і побыту. А ўявіць сабе жыццё беларусаў, "поўнае штодзённага клопату", можна пры наведванні ГУМНА, дзе ўбычым розныя прылады працы селяніна. А саламяны дах гумна аж блішчыць на сонцы!

Накіроўваемся ў Маладзечна. Спынімся на хвілінку ля ПОМНІКА СТАРАВІЛЕНСКАМУ ТРАКТУ, усталяванаму каля дарогі ля вёскі Мясота. Помнік — кампазіцыя з чатырох валуноў ў гонар вядомых людзей, якія праязджалі па гэтым старадаўнім тракце. Мноства дарагіх кожнаму беларусу імёнаў мы прачытаем тут...

Агляд МАЛАДЗЕЧНА пачнем з АБЕДУ. Пасля пазнаёмімся з гэтым горадам, якому больш за 600 гадоў (першая згадка ў 1388 г.). У XV стагоддзі тут быў пабудаваны Маладзечанскі замак, які праіснаваў да сярэдзіны XVIII ст. — да сёння засталіся замкавыя ва­лы. Горад быў важным цэнтрам на гандлёвым Старавіленскім шля­ху з Мінска ў Вільню. З XVII стагоддзя ўладальнікам Маладзечна быў канц­лер Вялікага княства Літоўскага Леў Са­пе­га, а з пачатку XVIII стагоддзя — род князёў Агінскіх. Увесну 1814 го­да ў спадчыну палац атрымаў кампазітар МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ. Знакамітага земляка шануюць тут — мы ўбачым помнік М. К. Агінскаму; яго імем названа музычнае вучылішча. У пачатку 70-х гадоў XIX стагоддзя эканамічнае жыццё мястэчка ажывіла будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, якая звязала беларускія губерніи з партамі Балтыйскага мора і Ўкраінай. Убачым будынак чыгуначнага вакзала ў стылі "мадэрн". Чорная старонка гісторыі Маладзечна — Вялікая Айчынная вайна. У ліпені 1941 го­да на тэрыторыі бы­лой Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі нямецкія акупанты ўчынілі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Праз гэты лагер, да чэрвеня 1944 го­да, прайшло звыш 80 ты­сяч чалавек, больш за 33 тысячы з іх загінулі. Праект Мемарыяльнага ком­плек­су "ШТАЛАГ-342" распрацаваў архітэктар Леанід Левін, аўтар "Хатыні". Комплекс уяўляе сабой стылізаваны барак для ўтрымання зняволеных і пакідае моцнае ўражанне...
Сеняшні дзень Маладзечна — сучасная забудова, тэатры, пешаходныя вуліцы, паркі. Знакаміты лялечны тэатр "Батлейка" заўседы мае аншлагі. А Парк Пабеды — і прыгожы, і адзін з са­мых вялікіх у нашай краіне. Яго архітэктурнай дамінантай з'яўляецца амфітэатр — галоўная пляцоўка Нацыянальнага фестывалю бе­ла­рус­кай песні і паэзіі, які праводзіцца ўжо больш за 30 гадоў.

Кошт экскурсіі ўключае:
  • Праезд аўтобусам туркласу
  • Экскурсія па маршруце
  • Экскурсія па Заслаўю
  • Агляд Спаса-Праабражэнскай царквы
  • Экскурсія ў Музеі маляванкі
  • Экскурсія ў Ку­па­лаўскі запаведнік у Вязынцы
  • Агряд помніка Старавіленскаму тракту
  • Экскурсія па Маладзечне
  • Агляд мемарылу "Шталаг-342"
  • Экскурсія ў Фальварак Ракуцёўшчына
  • Фірмовы сувенір

За дадатковую аплату:
  • Уваходныя білеты ў Музей маляванкі
  • Уваходныя білеты ў Музей Я.Ку­па­лы ў Вязынцы
  • Уваходныя білеты ў му­зей Максіма Багдановіча
  • Абед

Працягласць экскурсіі: 180 км, 8 гадзін
Месца пачатку экскурсіі: ад Вашай арганізацыі (ці пазначце іншае месца)
Месца заканчэння: па Вашым запыце
Помнік Рагнедзе
Музей маляванкі
Дом, где нарадзіўся Янка Купала
Пра Янку Купалу...
Барэльеф