RU
Галоўная / Экскурсіі па Беларусі /
Бенефіс Знаўцы з Ярашам Малішэўскім: "Вілейскія карункі"
Бенефіс Знаўцы з Ярашам Малішэўскім: "Вілейскія карункі"
Марш­рут СБ-6.15: Альковічы — Камена — Касцяневічы — Касута — Вілейка — Княгінін — Крывічы — Ваўкалата — Сітцы (з абедам)
Славутыя асобы Беларусі — знаўцы гісторыі, куль­ту­ры, архітэктуры, літаратуры, яны ж акцёры і заўзятыя вандроўнiкi, фотамастакі і аўтары нашумелых бэстселераў — раскажуць Вам пра тое, чаму яны прысвяцілі свае даследаванні, чаму аддалі сваё сэрца, часам — нават ўсё жыццё ... Гэта не традыцыйная экскурсія, а — Бенефіс Знаўцы. Скарочана — "БЗ", а калі па першых літарах, то бэ-зэ . Так-так, калі заўгодна, хоць і насуперак арфаграфіі, але па сэнсе — лёгкае пірожнае, згатаванае рукою сапраўднага майстра як твор мастацтва! Экскурсія — дэсерт!


Кошт экскурсіі ўключае:
    • Праезд аўтобусом туркласа
    • Экскурсія на маршруце
    • Наведванне хра­маў
    • Знаёмства з фрагментамі сядзібы ў Сітцах
    • Агляд валуна "Варацішын крыж" у Камена
    • Абед

ПРАГРАМА
Едзем з Ярашам Малішэўскім — нашым таленавітым экскурсаводам, гісторыкам, даследчыкам і папулізатарам гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі. Едзем у Вілейскі край. Насычанасць рэгіёна, што непарыўна знітаваны з галоўнай тутэйшай воднай артэрыяй — ракой Віліяй, разнастайнымі помнікамі — прыроднымі, архітэктурнымі, памятнымі, робіць гэты куточак на памежжы Міншчыны і Віцебшчыны сапраўды непаўторным, запамінальным і арыгінальным.

Пачынаецца ўжо "нетранзітнае" знаёмства з Вілейшчынай з вёскі АЛЬКОВІЧЫ, дзе падарожнікі сустракае галоўная тамтэйшая дамінанта — стромкі спічак касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. З'явіўся гэты яскравы неагатычны храм напачатку ХХ стагоддзя і за апошнія сто гадоў паспеў быць зліквідаваным савецкай уладай, і ператварыцца ў збожжасховішча, і пацярпець ад пажару і зноўку вярнуцца да людзей у якасці бажніцы. Увесь набор — звонку, і ўнутры, прыкметаў неаготыкі прсутнічае тут напоўніцу, нібы ў энцыклапедыі, што разгарнецца перад наведнікам. А невялічкі, але дужа каларытны му­зей ручнікоў, што сабраў тамтэйшы святар, нікога не пакідае абыякавым.

На правым беразе Віліі, на мяжы Вялейскага і Лагойскага раёнаў, месціцца старажытная вёска КАМЕНА. І тут, на падворку сялянскай сядзібы, знаходзіцца найгалоўная славутасць сяла — Варацішын крыж, альбо Камень-звон. Менавіта гэтак здавён называюць гэты грандыёзны валун, што на два метры ўзвышаецца над зямлёй. А ўжо колькі хаваецца пад зямлёю — можна толькі здагадвацца. Але самае цікавае ў гэтым помніку прыроды, які паспеў некалі пабываць паганскай святыняй-ахвярнікам, выбітыя на ім крыж і словы, што дазваляе залічаць многім навукоўцам яго ў лік знакамітых Барысавых камянёў, надпісы на якіх з'явіліся яшчэ ажно ў ХІІ стагоддзі. А непадалёк — помнік экспэдыцыі руплівага даследніка гэтай зямлі, графа Тышкевіча, што адбылася ў 1857-м.

Перад падарожнікамі адкрываецца велічная панарама найбуйнейшага рукатворнага вадаёма нашае краіны — Вілейскага вадасховішча. У вёсцы КАСУТА ля муроў тутэйшых бажніцаў пабачым помны знак, прысвечаны выбітнаму дзяржаўнаму дзеяу Украіны, гетману і аўтару яе першай Канстытуцыі Піліпу Орліку, што нарадзіўся тут у 1672 годзе.

Пасля АБЕДУ ў тутэйшай сталіцы, горадзе ВІЛЕЙЦЫ, вандроўнікі праяжджаюць праз вёску КАСЦЯНЕВІЧЫ. Мясцовы касцёл памятае багата цікавага, у тым ліку і ахрышчаных тут Ігнація Ходзьку і Эдварда Жалігоўскага.

Упершыню вёска КНЯГІНІН, тады — Княгінь, згадваецца яшчэ ў 15 стагоддзі. У 1772 годзе тут збудавалі драўляную ўніяцкую царкву святой Тройцы, якая захавалася дасёння на колішнім рынкавым пляцы, захаваўшы збольшага і выгляд тых часоў. Калі вёска ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Падчас Першай сусветнай вайны ў Княгігіне знаходзіўся вайсковы шпіталь. На тутэйшых могілках пахаваныя каля двух з паловай тысячаў жаўнераў расійскай арміі, што загінулі падчас Нарачанскай вайсковай аперацыі 1916 го­да.

Назва мястэчка КРЫВІЧЫ нагадвае пра тыя далёкія ча­сы тысячагадовай даўніны, калі славяне засялялі гэтыя, тады балцкія абшары. А колькі славутых імёнаў знітаваных з Крывічамі! Аднаму з гэтых знаных асобаў — Яну Ходзьку нават усталяваны помнік ў алтары тутэйшага касцёла святога Андрэя. Кішкі, Ходзькі, Любанскія, Швыкоўскія… 1776 годзе паводле прывілею вялікага кня­зя і караля Станісла­ва Аўгу­ста Панятоўскага Крывічы атрымалі ста­тус мястэчка. А ў наступным годзе паводле фундацыі ўладальніка мястэчка Андрэя Укольскага ў Крывічах з'явіўся мураваны ком­плекс кляштара трынітарыяў. Звонку касцёл нагадвае сярэднявечную пабудову з магутнымі ды суворымі мурамі. А інтэр'ер уражвае багаццем і насычанасцю. У Крывічах можна пабачыць і местачковую забудову, і фраг­мен­ты сядзібы Швыкоўскіх, і Траецкую царкву ў псеўдарускім стылі.

Дарога прыводзіць вандроўніка на Віцебшчыну. Тут, на тэрыторыі Докшыцкага раёну, ён трапляе ў мястэчка пад знакавай для Беларусі назвай — ВАЎКАЛАТА. Пра ваўкалакаў — адных з найбольш каларытных персанажаў беларускага фальклору ў нас апавядаюць казкі і паданні, песні ды прымаўкі… А які прыгожы тутака неабарокавы касцёл Яна Хрысціцеля 1893 г.! Як почасту бывае, на гэтым месцы здавён існавалі бажніцы, ад якіх у "спадчыну" засталіся старасвецкія разьба, абразы, сярод якіх ікона Маці Божай 1667 го­да. Сцены хра­ма, складзеныя з камяняў — сапраўдная мазаіка, дзе ніводзін фраг­мент не паўтараецца. У ча­сы ваяўнічага атэізму бажніца не бы­ла зачыненая — пра гэта ёсць надта цікавая гісторыя…

СІТЦЫ альбо Вялікія Сітцы — апошняя кропка падарожжа. Саковічы, Радзівілы, Хадкевічы, Брастоўскія — і гэта яшчэ няпоўны спіс колішніх уладальнікаў. Існаваў тут ў 17 стагоддзі і невялікі замак. На змену згарэламу палацу, ад якога сёння захаваліся велічныя калоны, знакаміты род Дамейкаў ў палове 19 стагоддзя ўзводзіць новы палацава-паркавы ком­плекс. Захаваўся ён фрагмэнтарна. Бра­мы, рэшткі лямуса, цяплярні-аранжарэі, гаспадарчых пабудоваў, часткі пар­ку, дзе можна пабачыць унікальны 500-гадовы батанічны помнік прыроды — Сітцаўскі дуб-волат, пад якім, паводле падання адпачываў Тадэуш Касцюшка… Ацалела тут і царква святога Юрыя, што з'явілася тут напачаткуХХ стагоддзя на месцы ста­рой драўлянай.
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
 ДарослыДзіця
да 16 гадоў

Кошт экскурсіі для 1 чал.

80
70

Працягласць экскурсіі: 270 км, 11 гадз
Месца пачатку экскурсіі: 8.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Яраш Малішэўскі
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах, 1763 г.
Вілейскае вадасховішча
Брама храма
Рэшткі палацу Дамейкаў