RU
Галоўная / Экскурсіі па Беларусі /
Сядзібы старажытнай Міншчыны
Сядзібы старажытнай Міншчыны
Марш­рут СБ-2.22: Прылукі — Вялікія Навасёлкі — Юцкі — Гарадзішча — музей-сядзіба “Стары Менск” — Беларускі скансен (з абедам)
Наваколлі бе­ла­рус­кай сталіцы маюць нямала славутасцяў. Мы выбралі для нашага падарожжа некалькі сядзіб, беларускі скансэн (яму ўжо споўнілася 40 гадоў) і новенькую сядзібу-музей, якой толькі яшчэ па­ру год. Невялікая адлегласць — але яна змясціла амаль за 1 000 гадоў нашай гісторыі! Легкая і такая цікавая экскурсія прыйдзецца Вам да спадобы, спадарства!


Кошт экскурсіі ўключае:
    • Праезд аўтобусам турк­лас­са
    • Экскурсійнае суправаджэнне па маршруце
    • Экскурсія па Прылуках, агляд сядзібы Гутэн-Чапскіх
    • Наведванне Цэнтра народнай творчасці
    • Наведванне магілы Свя­той Валянціны Мінскай
    • Агляд каньёна "Юцкоўскія крыніцы"
    • Агляд бы­лой сядзібы ў Вялікіх Навасёлках
    • Экскурсія па валах Гарадзішча
    • Экскурсія ў музей-сядзібу "Стары Менск"
    • Наведванне Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы
    • Інтэрактыўная экскурсія па му­зею з жывой музыкай
    • Майстар-клас па старадаўніх танцах
    • Абед на сядзібе

ПРАГРАМА
У ПРЫЛУКАХ добра захаваўся адзін з найлепшых палацава-сядзібных ком­плек­саў Беларусі, заснаваны ў XVII ст. Пазней палац і іншыя будынкі неаднаразова абнаўляліся і дайшлі да нашых дзён у абліччы неагатычных рамантычных пабудоў сярэдзіны XIX ст. У той час Прылукамі валодалі прадстаўнікі старажытнага ро­ду графаў фон Гутэн-Чапскіх, якія адыгрывалі вельмі прыкметную ролю ў жыцці Мінскай губерні. Прылуцкая сядзіба лічылася аазісам багемы: тут збіраліся літаратары, мастакі, му­зы­кан­ты, артысты. Неаднаразова бываў Чэслаў Манюшка з сынам Станіславам, будучым знакамітым кампазітарам; двойчы гасцяваў мастак Напалеон Ор­да, які праславіў сваё імя гравюрамі і акварэлямі помнікаў даўніны. У 1876 годзе ён замаляваў сядзібу з параднага і паркавага бакоў. Яго рамантызаваныя акварэлі вельмі спатрэбіліся, калі ў 1950-х гадах аднаўлялі палац, а праз сорак гадоў — жылы флігель і гаспадарчыя пабудовы. Цяпер тут размешчаны Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін. У адной са ста­рых пабудоў побач з палацам знаходзіцца ЦЭНТР НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ, у якім сабрана і пастаянна папаўняецца цікавая экспазіцыя пра Гутэн-Чапскіх.

Далей едзем у ЮЦКІ — помнік прыроды рэспубліканскага значэння "Юцкоўскія крыніцы". Гэта вельмі прыгожы ледніковы каньён, месца масавага паломніцтва па чыстую і гаючую ваду. Папярэджваем — бярыце пластыкавыя бутэлькі і зручны абутак!

Потым пазнаёмімся з помнікамі ў ВЯЛІКІХ НАВАСЁЛКАХ. Тут бы­ла сядзіба Кастравіцкіх — захаваўся сядзібны дом на высокім беразе рэчкі Уса, пабудаваны з цэглы ў 1830-х гадах. Вакол — невялікі пейзажны парк. Захаваўся і двухпавярхоўны мураваны будынак стайні. Непадалеку — магіла знакамітага мастака, пісьменніка Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). Успомнім мы і знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінэра (сапраўднае імя якога Вільгельм Кастравіцкі) — аднаго з найбольш уплывовых дзеячаў еўрапейскага авангарду...

Затым едзем глядзець вытокі летапіснага Менска — на рацэ Менцы пад велічнымі валамі гарадзішча ХІ стагоддзя ў аднаіменным пасяленні ГАРАДЗІШЧА. Супрацьстаўленне вой­ска Полацкага кня­зя Ўсяслава Чарадзея і вой­ска Кіеўскіх князёў Яраславічаў у сярэдзіне ХІ стагоддзя знайшло адлюстраванне ў хроніцы "Аповесць мінулых часоў" і ста­ла першым успамінам пра горад Менск — пад 1067 го­дам. Валы Гарадзішча добра захаваліся, з іх вышыні (а гэта 9-ці павярховага дому вышыня!) Глеб ЛАБАДЗЕНКА — апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік у Гарадзішчы музейнай прасторы — раскажа драматычную гісторыю той бітвы, той эпохі; шляхі здрад і перамог, гісторыю інтрыг і саюзаў…

У Гарадзішчы пад старадаўнімі валамі знаходзіцца і каларытная сядзіба-музей "СТАРЫ МЕНСК". Пасля смачнага АБЕДА яе гаспадар Глеб Лабадзенка правядзе экскурсію па музеі з ўнікальнымі артэфактамі Х-ХІ стагоддзяў (знаходкі археалагічных раскопаў — іх больш 500). Пад аповед Гле­ба Лабадзенкі жыцце людзей таго ча­су стане больш зразумелым, можна будзе ўявіць сабе падзеі тысячагадовай даўніны і зразумець, што Мінск меў слаўны шлях. Цяпер Вы будзеце ведаць, дзе пачынаўся наш Менск! Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — журналіст, паэт, блогер і заснавальнік са­мых масавых у свеце курсаў бе­ла­рус­кай мовы "Мова Нанова" — як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя бе­ла­рус­кай мовы.

Напрыканцы едзем у МУЗЕЙ НАРОДНАЙ АРХІТЭКТУРЫ І ПОБЫТУ ў Азярцы www.etna.by — выдатны му­зей пад адкрытым небам, дзе дэманструецца на­род­ная традыцыйная куль­ту­ра ў звезеных з розных куткоў Беларусі драўляных пабудовах. Вас чакае незвычайнае падарожжа па вуліцах вёскі XIX стагоддзя ў дзіўны свет народнай фантазіі. Свет сыходзячай у нябыт драўлянай Беларусі набывае тут бачныя рысы, жывыя фарбы, гукі і пахі... Вы ўбачыце уніяцкую Свята-Пакроўскую царкву XVIII стагоддзя, велізарны грамадскі свіран, прыдарожную капліцу-ратонду, карчму і млын, кузню, на­род­ную шко­лу... А галоўнае — разнастайныя тыпы сельскіх падворкаў. Падчас інтэрактыўнай экскурсіі наведвальнікі падарожнічаюць па музейнай вёсцы і знаёмяцца з дамамі і іх інтэр'ерамі, пасля чаго гуляюць у традыцыйныя гульні і танчаць пад акампанемент жывой народнай музыкі. У гэтым музеі, размешчаным у надзвычай маляўнічай мясцовасці, Вы акунецеся ў цудоўны свет народнай фантазіі, зробіце выдатныя фатаздымкі!
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
 ДарослыДзіця
да 16 гадоў

Кошт экскурсіі для 1 чал.

109,00
99,00

Працягласць экскурсіі: 110 км, 9,5 гадзін
Месца пачатку экскурсіі: 9.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Палац Гутэн-Чапскіх, сяр. XIX ст.
Музей-сядзіба Стары Менск
Гарадзішча Х ст. Фота Планета Беларусь
Свіран