ПРАГРАМА
| У ПРЫЛУКАХ добра захаваўся адзін з найлепшых палацава-сядзібных комплексаў Беларусі, заснаваны ў XVII ст. Пазней палац і іншыя будынкі неаднаразова абнаўляліся і дайшлі да нашых дзён у абліччы неагатычных рамантычных пабудоў сярэдзіны XIX ст. У той час Прылукамі валодалі прадстаўнікі старажытнага роду графаў фон Гутэн-Чапскіх, якія адыгрывалі вельмі прыкметную ролю ў жыцці Мінскай губерні. Прылуцкая сядзіба лічылася аазісам багемы: тут збіраліся літаратары, мастакі, музыканты, артысты. Неаднаразова бываў Чэслаў Манюшка з сынам Станіславам, будучым знакамітым кампазітарам; двойчы гасцяваў мастак Напалеон Орда, які праславіў сваё імя гравюрамі і акварэлямі помнікаў даўніны. У 1876 годзе ён замаляваў сядзібу з параднага і паркавага бакоў. Яго рамантызаваныя акварэлі вельмі спатрэбіліся, калі ў 1950-х гадах аднаўлялі палац, а праз сорак гадоў — жылы флігель і гаспадарчыя пабудовы. Цяпер тут размешчаны Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін. У адной са старых пабудоў побач з палацам знаходзіцца ЦЭНТР НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ, у якім сабрана і пастаянна папаўняецца цікавая экспазіцыя пра Гутэн-Чапскіх.
Далей едзем у ЮЦКІ — помнік прыроды рэспубліканскага значэння "Юцкоўскія крыніцы". Гэта вельмі прыгожы ледніковы каньён, месца масавага паломніцтва па чыстую і гаючую ваду. Папярэджваем — бярыце пластыкавыя бутэлькі і зручны абутак!
Потым пазнаёмімся з помнікамі ў ВЯЛІКІХ НАВАСЁЛКАХ. Тут была сядзіба Кастравіцкіх — захаваўся сядзібны дом на высокім беразе рэчкі Уса, пабудаваны з цэглы ў 1830-х гадах. Вакол — невялікі пейзажны парк. Захаваўся і двухпавярхоўны мураваны будынак стайні. Непадалеку — магіла знакамітага мастака, пісьменніка Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). Успомнім мы і знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінэра (сапраўднае імя якога Вільгельм Кастравіцкі) — аднаго з найбольш уплывовых дзеячаў еўрапейскага авангарду...
Затым едзем глядзець вытокі летапіснага Менска — на рацэ Менцы пад велічнымі валамі гарадзішча ХІ стагоддзя ў аднаіменным пасяленні ГАРАДЗІШЧА. Супрацьстаўленне войска Полацкага князя Ўсяслава Чарадзея і войска Кіеўскіх князёў Яраславічаў у сярэдзіне ХІ стагоддзя знайшло адлюстраванне ў хроніцы "Аповесць мінулых часоў" і стала першым успамінам пра горад Менск — пад 1067 годам. Валы Гарадзішча добра захаваліся, з іх вышыні (а гэта 9-ці павярховага дому вышыня!) Глеб ЛАБАДЗЕНКА — апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік у Гарадзішчы музейнай прасторы — раскажа драматычную гісторыю той бітвы, той эпохі; шляхі здрад і перамог, гісторыю інтрыг і саюзаў…
У Гарадзішчы пад старадаўнімі валамі знаходзіцца і каларытная сядзіба-музей "СТАРЫ МЕНСК". Пасля смачнага АБЕДА яе гаспадар Глеб Лабадзенка правядзе экскурсію па музеі з ўнікальнымі артэфактамі Х-ХІ стагоддзяў (знаходкі археалагічных раскопаў — іх больш 500). Пад аповед Глеба Лабадзенкі жыцце людзей таго часу стане больш зразумелым, можна будзе ўявіць сабе падзеі тысячагадовай даўніны і зразумець, што Мінск меў слаўны шлях. Цяпер Вы будзеце ведаць, дзе пачынаўся наш Менск! Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — журналіст, паэт, блогер і заснавальнік самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы "Мова Нанова" — як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя беларускай мовы.
Напрыканцы едзем у МУЗЕЙ НАРОДНАЙ АРХІТЭКТУРЫ І ПОБЫТУ ў Азярцы www.etna.by — выдатны музей пад адкрытым небам, дзе дэманструецца народная традыцыйная культура ў звезеных з розных куткоў Беларусі драўляных пабудовах. Вас чакае незвычайнае падарожжа па вуліцах вёскі XIX стагоддзя ў дзіўны свет народнай фантазіі. Свет сыходзячай у нябыт драўлянай Беларусі набывае тут бачныя рысы, жывыя фарбы, гукі і пахі... Вы ўбачыце уніяцкую Свята-Пакроўскую царкву XVIII стагоддзя, велізарны грамадскі свіран, прыдарожную капліцу-ратонду, карчму і млын, кузню, народную школу... А галоўнае — разнастайныя тыпы сельскіх падворкаў. Падчас інтэрактыўнай экскурсіі наведвальнікі падарожнічаюць па музейнай вёсцы і знаёмяцца з дамамі і іх інтэр'ерамі, пасля чаго гуляюць у традыцыйныя гульні і танчаць пад акампанемент жывой народнай музыкі. У гэтым музеі, размешчаным у надзвычай маляўнічай мясцовасці, Вы акунецеся ў цудоўны свет народнай фантазіі, зробіце выдатныя фатаздымкі!
|
|
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
|
Кошт экскурсіі для 1 чал.
|
109
|
99
|
|
|
Працягласць экскурсіі: 110 км, 9,5 гадзін Месца пачатку экскурсіі: 9.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі) Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
| |
|
|