RU
Галоўная / Экскурсіі па Беларусі /
“Там б'е крылом гісторыя сама”
“Там б'е крылом гісторыя сама”
Марш­рут СБ-1.25: Іўе — Суботнікі — Жамыслаўль — Гальшаны — Баруны — Крэва (з абедам)
Чаго толькі не сабраў у сабе, як у каштоўны куфэрак, гэты маршрут! Знакамітыя замкі, храмы розных канфесій, часткова адрэстаўраваныя старадаўнія сядзібы, манастыры і нават фамільны магільны склеп знакамітага роду Умястоўскіх. А ў «маленькім Іерусаліме» І’ўі наведаем найстарэйшую дзеючую мячэць Беларусі...
Экскурсія праводзіцца на беларускай мове

Кошт экскурсіі ўключае:
    • Праезд аўтобусам туркласу
    • Экскурсія па маршруце
    • Агляд г. Іўе
    • Наведванне касцёла Пятра і Паўла 1491 г.
    • Наведванне мячэці ў Іўі
    • Наведванне ў Суботніках касцёла Св. Уладзіслава, магільнага склепа.
    • Агляд маёнтка Жамыслаўль
    • Экскурсія па Гальшанах: замак і храм
    • Наведванне музея ў вежы замка і агляднай пляцоўкі
    • Агляд Крэўскага замка
    • Абед

ПРАГРАМА
ІЎЕ, якое прыпала да Гродзенскай шашы, часам называюць "маленькім Іерусалімам". Там размяшчаюцца найстарэйшая дзеючая мячэць Беларусі і адзіны Музей нацыянальных куль­тур. Наведванне МЯЧЭЦІ дазволіць Вам шмат даведацца пра традыцыі і побыт татараў у Беларусі. Тут на бы­лой рыначнай плошчы пастаўлены ўнікальны помнік "Адзінства чатырох канфесій": каталіцызм, юдаізм, праваслаўе і іслам. І нібы ў працяг гэтай тэмы верацярпімасці ля сцен касцёла св. Пятра і Паўла 1491 г. пабудовы Вы даведаецеся пра легендарную Акадэмію арыян, якая бы­ла адным з цэнтраў адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. Ста­туя Хрыста ля Іўеўскага касцёла мімаволі асацыіруецца са знакамітай скульптурай у Рыа-дэ-Жанейра.

На змену Іўю прыходзіць былое мястэчка СУБОТНІКІ, вядомае з ХVII ст. Чырвонацагляны касцёл Св. Уладзісла­ва (1904) здалёк зачароўвае сваёй грацыёзнай сілуэтнай графікай. Узводзілі свя­ты­ню Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія. У ім і пахавалі фундатара, а затым у магільны склеп былі ўнесены астанкі яго даўно памерлых сваякоў. Пра гэта паведамляе мемарыяльная дошка, усталяваная ў 1931 годзе ў фамільным магільным склепе Умястоўскіх у крыпце хра­ма: дзівосная чысціня, бліскучыя паліраванымі гранямі самавітыя мармуровыя пліты з імёнамі і датамі...

З графамі Умястоўскімі цесна звязана і былы маён­так ЖЭМЫСЛАЎЛЬ. Тутэйшы палац з бельведэрам і карынфскімі порцікамі па абодва бакі ўяўляе сабой паменшаную копію каралеўскага "Палаца-на-вадзе", выбудаванага для апошняга манарха Рэчы Паспалітай Станісла­ва Аўгу­ста Панятоўскага ў Лазенках пад Варшавай. Лепка на столях і мазаічная падлога збліжалі жамыслаўскі палац з варшаўскім, а багата прыбраныя інтэр'еры сведчылі аб выдатным гусце яго ўладальнікаў. Вакол сядзібы, якая цяпер чакае рэстаўратараў, захаваліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы. А потым на маршруце нас чакае смачны АБЕД.

ГАЛЬШАНЫ ў мінулым былі прыватнаўласніцкім паселішчам князёў Гальшанскіх (Альшанскіх). З іх ро­ду паходзіла Соф'я Гальшанская — жонка караля Уладзісла­ва Ягайлы, якая ста­ла родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў і якой тут пастаўлены помнік. З XVI ст. мястэчкам валодаў род князёў Са­пе­гаў. У 1618 годзе Па­вел Стэфан Са­пе­га па­чаў будаўніцтва ком­плек­су кляштара францысканцаў. Манастырскія пабудовы выкарыстоўваюцца і цяпер як дзейны касцёл. А збудаваны палацава-замкавы ан­самбль ро­ду Са­пе­гаў — ГАЛЬШАНСКІ ЗАМАК — дайшоў да нас у маляўнічых руінах. Гальшанскі замак зараз рэстаўруецца, ужо гатова адна з веж, частка сцен. Наведванне МУЗЕЯ ў вежы зам­ка. А з АГЛЯДНАЙ ПЛЯЦОЎКІ на вежы зам­ка — цудоўны від на наваколлі... У Гальшанах таксама ацалела характэрная местачковая забудова XIX-XX стст., што надае цяперашняму аграгарадку асаблівае зачараванне.

Старая дарога з Гальшан вядзе ў БАРУНЫ. З 1691 г. жыццё гэтага былога мястэчка бы­ло моцна звязана з манастыром, які стаў адным з духоўных цэнтраў уніяцтва ў Беларусі. У яго сценах знаходзіцца дагэтуль цудатворны абраз Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Святыню адрозніваюць вытанчанасць фор­маў "віленскага" барока.

І нарэшце, КРЭВА. Аграгарадок (раней — вялікакняжацкі маён­так) вядомы з XIV ст., калі тут быў пабудаваны замак, у якім у 1385 годзе бы­ла заключана знакамітая ў гісторыі Крэўская унія. Яна паклала пачатак аб'яднанню Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага... Маляўнічыя руіны старажытнага зам­ка — адна з найбольш яркіх славутасцяў Беларусі. КРЭЎСКІ ЗАМАК у цяперашні час у працэсе рэканструкцыі, адноўлена адна сцяна. У 1387 годзе ў Крэве з'яўляецца драўляны касцёл — на яго месцы зараз можна ўбачыць пабудаваны ў 1990-х гадах каменны храм Праабражэння Гасподняга. Насупраць яго ўздымае да не­ба сваю шатровую званіцу праваслаўная царква ў імя Св. Аляксандра Неўскага (1854).
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
 ДарослыДзіця
да 16 гадоў

Кошт экскурсіі для 1 чал.

129
119

Працягласць экскурсіі: 350 км, 12 гадз
Месца пачатку экскурсіі: 8.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі))
Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Ивье, скульптура Иисуса Христа у костела
В храме
Отражение...
Башня, реконструкция