Чаго толькі не сабраў у сабе, як у каштоўны куфэрак, гэты маршрут! Знакамітыя замкі, храмы розных канфесій, часткова адрэстаўраваныя старадаўнія сядзібы, манастыры і нават фамільны магільны склеп знакамітага роду Умястоўскіх. А ў «маленькім Іерусаліме» І’ўі наведаем найстарэйшую дзеючую мячэць Беларусі...
Экскурсія праводзіцца на беларускай мове
Кошт экскурсіі ўключае:
• Праезд аўтобусам туркласу
• Экскурсія па маршруце
• Агляд г. Іўе
• Наведванне касцёла Пятра і Паўла 1491 г.
• Наведванне мячэці ў Іўі
• Наведванне ў Суботніках касцёла Св. Уладзіслава, магільнага склепа.
• Агляд маёнтка Жамыслаўль
• Экскурсія па Гальшанах: замак і храм
• Наведванне музея ў вежы замка і агляднай пляцоўкі
• Агляд Крэўскага замка
• Абед
ПРАГРАМА
ІЎЕ, якое прыпала да Гродзенскай шашы, часам называюць "маленькім Іерусалімам". Там размяшчаюцца найстарэйшая дзеючая мячэць Беларусі і адзіны Музей нацыянальных культур. Наведванне МЯЧЭЦІ дазволіць Вам шмат даведацца пра традыцыі і побыт татараў у Беларусі. Тут на былой рыначнай плошчы пастаўлены ўнікальны помнік "Адзінства чатырох канфесій": каталіцызм, юдаізм, праваслаўе і іслам. І нібы ў працяг гэтай тэмы верацярпімасці ля сцен касцёла св. Пятра і Паўла 1491 г. пабудовы Вы даведаецеся пра легендарную Акадэмію арыян, якая была адным з цэнтраў адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. Статуя Хрыста ля Іўеўскага касцёла мімаволі асацыіруецца са знакамітай скульптурай у Рыа-дэ-Жанейра.
На змену Іўю прыходзіць былое мястэчка СУБОТНІКІ, вядомае з ХVII ст. Чырвонацагляны касцёл Св. Уладзіслава (1904) здалёк зачароўвае сваёй грацыёзнай сілуэтнай графікай. Узводзілі святыню Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія. У ім і пахавалі фундатара, а затым у магільны склеп былі ўнесены астанкі яго даўно памерлых сваякоў. Пра гэта паведамляе мемарыяльная дошка, усталяваная ў 1931 годзе ў фамільным магільным склепе Умястоўскіх у крыпце храма: дзівосная чысціня, бліскучыя паліраванымі гранямі самавітыя мармуровыя пліты з імёнамі і датамі...
З графамі Умястоўскімі цесна звязана і былы маёнтак ЖЭМЫСЛАЎЛЬ. Тутэйшы палац з бельведэрам і карынфскімі порцікамі па абодва бакі ўяўляе сабой паменшаную копію каралеўскага "Палаца-на-вадзе", выбудаванага для апошняга манарха Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Лазенках пад Варшавай. Лепка на столях і мазаічная падлога збліжалі жамыслаўскі палац з варшаўскім, а багата прыбраныя інтэр'еры сведчылі аб выдатным гусце яго ўладальнікаў. Вакол сядзібы, якая цяпер чакае рэстаўратараў, захаваліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы. А потым на маршруце нас чакае смачны АБЕД.
ГАЛЬШАНЫ ў мінулым былі прыватнаўласніцкім паселішчам князёў Гальшанскіх (Альшанскіх). З іх роду паходзіла Соф'я Гальшанская — жонка караля Уладзіслава Ягайлы, якая стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў і якой тут пастаўлены помнік. З XVI ст. мястэчкам валодаў род князёў Сапегаў. У 1618 годзе Павел Стэфан Сапега пачаў будаўніцтва комплексу кляштара францысканцаў. Манастырскія пабудовы выкарыстоўваюцца і цяпер як дзейны касцёл. А збудаваны палацава-замкавы ансамбль роду Сапегаў — ГАЛЬШАНСКІ ЗАМАК — дайшоў да нас у маляўнічых руінах. Гальшанскі замак зараз рэстаўруецца, ужо гатова адна з веж, частка сцен. Наведванне МУЗЕЯ ў вежы замка. А з АГЛЯДНАЙ ПЛЯЦОЎКІ на вежы замка — цудоўны від на наваколлі... У Гальшанах таксама ацалела характэрная местачковая забудова XIX-XX стст., што надае цяперашняму аграгарадку асаблівае зачараванне.
Старая дарога з Гальшан вядзе ў БАРУНЫ. З 1691 г. жыццё гэтага былога мястэчка было моцна звязана з манастыром, які стаў адным з духоўных цэнтраў уніяцтва ў Беларусі. У яго сценах знаходзіцца дагэтуль цудатворны абраз Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Святыню адрозніваюць вытанчанасць формаў "віленскага" барока.
І нарэшце, КРЭВА. Аграгарадок (раней — вялікакняжацкі маёнтак) вядомы з XIV ст., калі тут быў пабудаваны замак, у якім у 1385 годзе была заключана знакамітая ў гісторыі Крэўская унія. Яна паклала пачатак аб'яднанню Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага... Маляўнічыя руіны старажытнага замка — адна з найбольш яркіх славутасцяў Беларусі. КРЭЎСКІ ЗАМАК у цяперашні час у працэсе рэканструкцыі, адноўлена адна сцяна. У 1387 годзе ў Крэве з'яўляецца драўляны касцёл — на яго месцы зараз можна ўбачыць пабудаваны ў 1990-х гадах каменны храм Праабражэння Гасподняга. Насупраць яго ўздымае да неба сваю шатровую званіцу праваслаўная царква ў імя Св. Аляксандра Неўскага (1854).
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
Дарослы
Дзіця да 16 гадоў
Кошт экскурсіі для 1 чал.
129
119
Працягласць экскурсіі: 350 км, 12 гадз Месца пачатку экскурсіі: 8.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)) Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)