ПРАГРАМА
| Едзем з Глебам Лабадзенкам (labadzenka.by) — журналістам, паэтам, блогерам, даследчыкам радзівілаўскіх фатаграфій і выкладчыкам самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы ("Мова Нанова"), аўтарам цудоўнай кнігі моўных малюнкаў "Дзіцячая заМова".
Адпраўной кропкай вандроўкі, як і заўсёды, будзе Менск, але на гэты раз мы спынімся у горадзе на крыху большы час. На УСХОДНІХ МОГІЛКАХ МЕНСКА, адразу каля ўвахода, наведаем магілу Васіля Быкава — Народнага пісьменніка Беларусі, які нарадзіўся на Вушаччыне, а вечны супакой знайшоў у сталіцы Роднай Беларусі. Поруч паклонімся магіле Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Мулявіна ды некаторых іншых выбітных суайчыннікаў.
Вёска БАБЦЫ, што адразу за Бягомлем, сёння вабіць усіх 26-цю каменнымі крыжамі (ад 30 см і да 2 метраў!), паходжанне якіх дакладна невядома. Але менавіта яны натхнілі Рыгора Барадуліна на радкі:
«У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі…»
Семнаццацітысячны ЛЕПЕЛЬ з пісьмовых крыніц вядомы з першай паловы XV ст. у складзе ВКЛ, з другой паловы XVI ст. Стары Лепель належаў Л. Сапегу, які перанёс горад на новае месца, і тым самым, фактычна, надаў гораду новае жыццё. Пад час экскурсіі наведаем помнік вялікаму гетману і канцлеру Вялікага Княства. Дарэчы, ініцыятарам стварэння помніка стаў пробашч мясцовай рыма-каталіцкай парафіі Святога Казіміра ксёндз Андрэй Аніскевіч. Сам касцёл Святога Казіміра быў пабудаваны ў другой палове XIX ст. і з'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Таксама пабачым сапраўдны брэнд Лепельскага раёна — помнік беларускаму Цмоку!
Зоркай маршруту з'яўляецца старажытны ПОЛАЦАК, які працягне ўражваць дзівоснымі помнікамі, пераймаючы эстафету ў Лепеля. Менавіта тут Вы атрымаеце магчымасць сфатаграфавацца ў самым Цэнтры Еўропы і не толькі адчуць смак Роднай мовы, але і дакрануцца да самай смачнай яе літары — "Ў". У жаночым Спаса-Еўфрасіннеўскім кляштары захоўваюцца мошчы святой Еўфрасінні Полацкай, а таксама копія легендарнага крыжа, які бясследна знік… Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з 2005 г. размешчаны ў былым будынку Калегіўма езуітаў, заснаванага ў Полацку ў 1580 г. Нездарама паэт Рыгор Барадулін пісаў, што "ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся Свет".
Накіроўваючыся ў Вушачы, пабачым сядзібу ХІХ ст. у АРЭХАЎНЕ, а потым прыпынімся у вёсцы ВАЎЧО, дзе завітаем на каву і гарбату да сястры Васіля Быкава Валянціны Уладзіміраўны, атрымаем магчымасць паразмаўляць з ёй, спытаць тое, што больш дакладна ніхто не адкажа. Наступным буйным прыпынкам будуць ВУШАЧЫ, якія атрымалі ў 1758 г. Магдэбургскае права і захавалі да нашых дзён сярод іншых будынкаў млын пач. XX ст. і касцёл Святога Лаўрэна пач. ХХ ст. Але тут нас будуць цікавіць не толькі помнікі архітэктуры, мы накіруемся да тых месцаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да Народнага паэта Беларусі — Рыгора Барадуліна. Наведаем школу, дзе вучыўся паэт, хату, дзе жыў, магілу, дзе знайшоў вечны прыстанак…
Згодна лепшым правілам колавай кампазіцыі напрыканцы экскурсіі наведаем хату-музей Васіля Быкава ў вёсцы БЫЧКІ, дзе нарадзіўся пісьменнік. Калі Валянціне Уладзіміраўне дазволіць здароўе, то Вы атрымаеце ад яе незабыўны падарунак — уласную экскурсію па іх роднай хаце.
Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік курсаў беларускай мовы "Мова Нанова" — як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя беларускай мовы. Вяртанне ў Мінск не раней за 22.00, а пры наяўнасці зацікаўленасці, магчымасці, сіл і жадання, можна і пазней. :) |
|
Кошт экскурсіі ўключае:
• аўтобус туркласса
• экскурсійнае абслугоўванне
∘ Менск — магіла Васіля Быкава на Усходніх могілках;
∘ Бабцы — 26 унікальных каменных крыжоў на вясковых могілках;
∘ Лепель — помнік Льву Сапегу, помнік Цмоку, касцёл Св. Казіміра 1857 г.;
∘ Полацак — Спаса-Еўфрасіннеўскі кляштар, калегіўм езуітаў, цэнтр Еўропы,
помнік "Ў";
∘ Бікульнічы (калі будзе дазваляць час) — беларускі Стоўнхендж;
∘ Ваўчо — бяседа з сястрой Васіля Быкава;
∘ Арэхаўна — сядзіба ХІХ ст.;
∘ Вушачы — магіла Рыгора Барадуліна, касцёл Св. Лаўрэна пач. ХХ ст.,
млын пач. ХХ ст.;
∘ Селішча — руіны касцёла 1728 г.;
∘ Бычкі — хата-музей Васіля Быкава (з аповедам ягонай сястры)
• кава, гарбата, печыва
• фірмовыя сувеніры
| Працягласць экскурсіі — 600 км, 12 гадзiн
| |
|