RU
Галоўная / Экскурсіі па Беларусі / Бенефіс Знаўцы з Глебам Лабадзенкам: "Мова Нанова запрашае да Барадуліна і Быкава"
Бенефіс Знаўцы з Глебам Лабадзенкам:
"Мова Нанова запрашае да Барадуліна і Быкава"
Марш­рут СБ-6.3: Менск — Лагойск — Бабцы — Ле­пель — Арэхаўна — Вушачы — Селішча — Бычкі
Славутыя асобы Беларусі — знаўцы гісторыі, куль­ту­ры, архітэктуры, літаратуры, яны ж акцёры і заўзятыя вандроўнiкi, фотамастакі і аўтары нашумелых бэстселераў — раскажуць Вам пра тое, чаму яны прысвяцілі свае даследаванні, чаму аддалі сваё сэрца, часам — нават ўсё жыццё ... Гэта не традыцыйная экскурсія, а — Бенефіс Знаўцы. Скарочана — "БЗ", а калі па першых літарах, то бэ-зэ. Так-так, калі заўгодна, хоць і насуперак арфаграфіі, але па сэнсе — лёгкае пірожнае, згатаванае рукою сапраўднага майстра як твор мастацтва! Экскурсія — дэсерт!

Кошт экскурсіі ўключае:
    • аўтобус турк­лас­са
    • экскурсійнае абслугоўванне:
      ∘ Менск — магіла Васіля Быкава на Усходніх могілках;
      ∘ Лагойск — рэшткі палаца і пар­ка Тышкевічаў;
      ∘ Бабцы — 26 унікальных ка­мен­ных крыжоў на вясковых могілках;
      ∘ Ле­пель — помнік Льву Сапегу, помнік Цмоку, касцёл Св. Казіміра 1857 г.;
      ∘ Арэхаўна — сядзіба ХІХ ст.;
      ∘ Вушачы — хата Рыгора Барадуліна, магіла Рыгора Барадуліна,
         касцёл Св. Лаўрэна пач. ХХ ст., млын пач. ХХ ст.;
      ∘ Селішча — руіны касцёла 1728 г.;
      ∘ Бычкі — хата-музей Васіля Быкава
    • кава, гарбата, печыва
    • фірмовыя сувеніры
ПРАГРАМА
Зноўку едзем з Глебам Лабадзенкам (labadzenka.by) — журна­лістам, паэтам, блогерам, даследчыкам радзівілаўскіх фата­гра­фій і выкладчыкам са­мых масавых у свеце курсаў бе­ла­рус­кай мовы ("Мова Нанова"), аўтарам цудоўнай кнігі моўных ма­люн­каў "Дзіцячая заМова".

Адпраўной кропкай вандроўкі, як і заўсёды, будзе Менск, але на гэты раз мы спынімся у горадзе на крыху большы час. На УСХОДНІХ МОГІЛКАХ МЕНСКА, адразу каля ўвахода, наведаем магілу Васіля Быкава — Народнага пісьменніка Беларусі, які нарадзіўся на Вушач­чыне, а вечны супакой знайшоў у сталіцы Роднай Беларусі. Поруч паклонімся магіле Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Мулявіна ды не­ка­то­рых іншых выбітных суайчыннікаў.

Прыпынімся ў ЛАГОЙСКУ, каб паглядзець руіны палаца Тышкевічаў і рэшткі сядзібнага пар­ка. Лагойск быў сямейным уладаннем знакамітага графскага ро­ду, найбольш выбітнымі прадстаўнікамі якога лічацца Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы, славутыя навукоўцы, стваральнікі Лагойскага му­зея (на базе якога потым быў створаны Віленскі му­зей старажытнасцей).

Вёска БАБЦЫ, што адразу за Бягомлем, сёння вабіць усіх 26-цю ка­мен­ны­мі кры­жа­мі (ад 30 см і да 2 мет­раў!), паходжанне якіх дакладна невядома. Але менавіта яны натхнілі Рыгора Барадуліна на радкі:
«У лесе, у зялёнай імжы
Затоеныя вякамі
Каменныя стынуць крыжы
З адсечанымі рукамі…»

Семнаццацітысячны ЛЕПЕЛЬ з пісьмовых крыніц вядомы з першай паловы XV ст. у складзе ВКЛ, з дру­гой паловы XVI ст. Стары Ле­пель належаў Л. Сапегу, які перанёс горад на новае месца, і тым са­мым, фактычна, надаў гораду новае жыццё. Пад час экскурсіі наведаем помнік вялікаму гетману і канцлеру Вялікага Княства. Дарэчы, ініцыятарам стварэння помніка стаў пробашч мясцовай рыма-каталіцкай парафіі Святога Казіміра ксёндз Андрэй Аніскевіч. Сам касцёл Святога Казіміра быў пабудаваны ў дру­гой палове XIX ст. і з'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Таксама пабачым сапраўдны брэнд Лепельскага раёна — помнік беларускаму Цмоку!

Накіроўваючыся ў Вушачы, пабачым сядзібу ХІХ ст. у АРЭХАЎНЕ. ВУШАЧЫ атрымалі ў 1758 г. Магдэбургскае пра­ва і захавалі да нашых дзён сярод іншых будынкаў млын пач. XX ст. і касцёл Святога Лаўрэна пач. ХХ ст. Але тут нас будуць цікавіць не толькі помнікі архітэктуры, мы накіруемся да тых месцаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да Народнага паэта Беларусі — Рыгора Барадуліна. Наведаем шко­лу, дзе вучыўся паэт, хату, дзе жыў, магілу, дзе знайшоў вечны прыстанак… Пабачым надмагільны помнік Народнаму паэту Беларусі — валун з высечаным на ім крыжам, які быў пастаўлены восенню 2015 го­да.

Згодна лепшым правілам колавай кампазіцыі напрыканцы экскурсіі наведаем хату-музей Васіля Быкава ў вёсцы БЫЧКІ, дзе нарадзіўся пісьменнік. Тут Вас чакае прагляд архіўнага відэа з аповедамі сястры Васіля Быкава Валянціны Уладзіміраўны.

Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік курсаў бе­ла­рус­кай мовы "Мова Нанова" — як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя бе­ла­рус­кай мовы. Вяртанне ў Мінск не раней за 22.00, а пры наяўнасці зацікаўленасці, магчымасці, сіл і жадання, можна і пазней. :)
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
  ДарослыДзіця
да 16 гадоў

Кошт экскурсіі для 1 чал.

50,00
47,00

Працягласць экскурсіі: 600 км, 14 гадз 30 хвіл

Месца пачатку экскурсіі: 8.00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Знаўца Глеб Лабадзенка
Апавядае Лабадзенка...
Бабцы. Фота Раман Маісей
Спаса-Еўфрасіньеўскі кляштар
Вушачы. Фота ushachi.vitebsk-region.gov.by
Рыгор Барадулін. Фота Г. Лабадзенкі
Надмагільны помнік. Фота Г. Лабадзенкі
Бычкі. Дом-музей Васіля Быкава