RU
Галоўная / Экскурсіі па Беларусі / Паміж Менскам і Мінскам
Паміж Менскам і Мінскам
Марш­рут СБ-2.22: Беларускі скан­сен — Гарадзішча — сядзіба-музей "Стары Менск" (з абедам)
Наваколлі бе­ла­рус­кай сталіцы маюць нямала славутасцяў. Мы выбралі для нашага падарожжа два аб'екты: беларускі скансэн (яму ўжо споўнілася 40 гадоў) і новенькую сядзібу-музей, якой няма яшчэ і го­да. Невялікая адлегласць — але яна змясціла амаль за 1 000 гадоў нашай гісторыі! Легкая і такая цікавая экскурсія прыйдзецца Вам да спадобы, спадарства!

Кошт экскурсіі ўключае:
    • Праезд аўтобусам турк­лас­са
    • Экскурсійнае суправаджэнне па маршруце
    • Наведванне Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы
    • Інтэрактыўная экскурсія па му­зею з жывой музыкай
    • Майстар-клас па старадаўніх танцах
    • Экскурсія па валах Гарадзішча
    • Экскурсія ў му­зей "Стары Менск"
    • Рэканструкцыя рыцарскіх баёў
    • Фотазона: даспехі
    • Абед на сядзібе
    • Фірменны сувенір
Спачатку едзем у МУЗЕЙ НАРОДНАЙ АРХІТЭКТУРЫ І ПОБЫТУ ў Азярцы www.etna.by — выдатны му­зей пад адкрытым небам, дзе дэманструецца на­род­ная традыцыйная куль­ту­ра ў звезеных з розных куткоў Беларусі драўляных пабудовах. Вас чакае незвычайнае падарожжа па вуліцах вёскі XIX стагоддзя ў дзіўны свет народнай фантазіі. Свет сыходзячай у нябыт драўлянай Беларусі набывае тут бачныя рысы, жывыя фарбы, гукі і пахі...

Вы ўбачыце уніяцкую Свята-Пакроўскую царкву XVIII стагоддзя, велізарны грамадскі свіран, прыдарожную капліцу-ратонду, карчму і млын XIX стагоддзя, кузню, на­род­ную шко­лу... Тут жа "сядзіба пчаляра" з выставай арыгінальных прадметаў пчалярства. А галоўнае — разнастайныя тыпы сельскіх падворкаў. Гэта і сядзібы лінейнага "пагоннага" сялянскага двара, і сядзібы замкнёнага "вяночны" тыпу — якая векавая мудрасць у кожным з іх! Падчас інтэрактыўнай экскурсіі наведвальнікі падарожнічаюць па музейнай вёсцы і знаёмяцца з дамамі і іх інтэр'ерамі, пасля чаго гуляюць у традыцыйныя гульні і танчаць пад акампанемент жывой народнай музыкі. У гэтым музеі, размешчаным у надзвычай маляўнічай мясцовасці, Вы акунецеся ў цудоўны свет народнай фантазіі, зробіце выдатныя фатаздымкі!

А потым едзем глядзець вытокі летапіснага Менска — на рацэ Менцы пад велічнымі валамі гарадзішча ХІ стагоддзя ў аднаіменным пасяленні ГАРАДЗІШЧА. Супрацьстаўленне вой­ска Полацкага кня­зя Ўсяслава Чарадзея і вой­ска Кіеўскіх князёў Яраславічаў у сярэдзіне ХІ стагоддзя знайшло адлюстраванне ў хроніцы "Аповесць мінулых часоў" і ста­ла першым успамінам пра горад Менск — пад 1067 го­дам. Валы Гарадзішча добра захаваліся, з іх вышыні (а гэта 9-ці павярховага дому вышыня!) Глеб ЛАБАДЗЕНКА — апантаны журналіст-краязнаўца і заснавальнік у Гарадзішчы музейнай прасторы — раскажа драматычную гісторыю той бітвы, той эпохі; шляхі здрад і перамог, гісторыю інтрыг і саюзаў…

Уявіць дакладней дух той эпохі нам дапаможа знакаміты рэканструктар і гісторык Юрась УСЦІНОВІЧ. Разам з паплечнікам нам пакажуць рыцарскія баёўкі, баі на мячах, стральбу з лу­ка, мятанне сякер. І Вы, шаноўныя турысты, зможаце атрымаць навыкі боя на мячах, сфатаграфіравацца ў стылевай амуніцыі сярэднявечча…

Далей наш шлях ляжыць у каларытную сядзібу-музей "СТАРЫ МЕНСК" пад старадаўнімі валамі. Пасля смачнага АБЕДА Глеб Лабадзенка правядзе экскурсію па музеі з ўнікальнымі артэфактамі Х-ХІ стагоддзяў (знаходкі археалагічных раскопаў — іх больш 500. Пад аповед Гле­ба Лабадзенкі жыцце людзей таго ча­су стане больш зразумелым, можна будзе ўявіць сабе падзеі тысячагадовай даўніны і зразумець, што Мінск меў слаўны шлях. Цяпер Вы будзеце ведаць, дзе пачынаўся наш Менск! Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — заснавальнік курсаў бе­ла­рус­кай мовы "Мова Нанова" — як і заўсёды, падзеліцца моўнымі цікавосткамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя бе­ла­рус­кай мовы.
Кошт экскурсіі, бел. руб.:
 ДарослыДзіця
да 16 гадоў

Кошт экскурсіі для 1 чал.

65,00
55,00

Працягласць экскурсіі: 60 км, 6,5 гадзіны
Месца пачатку экскурсіі: 10.30, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Месца заканчэння: Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)
Музыка сустракае ў музеі
Інтэр'ер
Гарадзішча. Валы ХІ ст.
Музей-сядзіба Стары Менск
У музеі